Начальнік ГУБАЗіК: "Цяпер мы на перадавой — амаль як у 1941-м"

Начальнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў / mvd.gov.by
Начальнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў / mvd.gov.by

Начальнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў у інтэрв'ю газеце "На страже" расказаў, як яго падраздзяленне "яшчэ задоўга да пачатку поствыбарных пратэстаў адчула, што ў краіне рыхтуецца паўнавартасная каляровая рэвалюцыя". А на справе аказалася, што ўсё яшчэ больш сур'ёзна!

"Гаворка ішла нават не пра "каляровую рэвалюцыю", а пра сапраўдную "гібрыдную вайну"

"Для гэтых мэт былі рэкрутаваны выканаўцы па розных кірунках: баевікі і асобы, якія займаюцца ціскам на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дэпутатаў і звычайных людзей, якія прагаласавалі за дзейнага прэзідэнта", — успамінае Карпянкоў.

Закладнікі на выбарчых участках

"9 жніўня малойчыкі, выкарыстоўваючы для прыкрыцця непаўналетніх і жанчын, пачалі прарывацца на ўчасткі, нападаць на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спрабаваць захопліваць у закладнікі жанчын, якія працавалі на выбарчых участках. Выкарыстоўваліся арматура, нажы, "кактэйлі Молатава". Усё для таго, каб дабрацца да бюлетэняў".

Супрацоўнікі ГУБАЗіК выязджалі на дзясяткі ўчасткаў, каб вызваліць людзей і забраць дакументы. "На нашы аўтобусы нападалі, разбівалі шыбы, кідалі "кактэйлі Молатава", — расказвае Карпянкоў. Якія доказы прыводзіць? Проста кажа: "Усё гэта было".

Журналісты Еўрарадыё ўвесь дзень і вечар 9 жніўня асвятлялі тое, што адбывалася на выбарчых участках. Нам невядома ні пра адну спробу захопу закладнікаў і ні аднаго выпадку атакі аўтобуса з сябрамі выбарчай камісіі "кактэйлямі Молатава". Калі б падобныя выпадкі адбыліся, пра іх адразу ж стала б вядома.

План пратэстоўцаў

План пратэстоўцаў, на думку Карпянкова: захапіць выбарчыя ўчасткі і "папрацаваць" з бюлетэнямі, забяспечыўшы патрэбны вынік падліку. У гэты час падрыхтаваныя атрады баевікоў выходзяць на вуліцы. Далей — захоп адміністрацыйных будынкаў, у тым ліку Дома ўрада, і абвяшчэнне "выгаднай ім перамогі на выбарах".

Чаму падрыхтаваныя атрады баевікоў, якія збіраліся захапіць Дом урада, вырашылі сабрацца за некалькі кіламетраў ад яго, каля стэлы, Карпянкоў не ўдакладняе. Напэўна, каб даўжэй ісці да сваёй мэты.

Начальник ГУБОПиК: “Сейчас мы на передовой — почти как в 1941-м”
Пратэстоўцы на праспекце Машэрава ўночы з 9 на 10 жніўня / Еўрарадыё

Пра пратэстоўцаў 9–11 жніўня

"Гэта быў вельмі агрэсіўны натоўп. П'яныя, неадэкватныя, кіраваныя з-за мяжы салдаты "каляровай рэвалюцыі", якія не ўсведамлялі сваіх дзеянняў, шпурлялі ў праваахоўнікаў небяспечныя прадметы", — успамінае Карпянкоў.

Толькі адказвалі на агрэсію

"Не міліцыя першай ужыла сілу. Мы толькі адказвалі на агрэсію. У супрацьстаянні з малойчыкамі, якія жадалі загубіць нашу краіну, разарваць яе на часткі, абаранялі дзяржаву, Радзіму, канстытуцыйны лад, мір, спакой і бяспеку".

Не ўжывалі ўвесь арсенал прыёмаў, спецсродкаў і зброі

"У адносінах да зусім не мірных пратэстоўцаў міліцыя выкарыстала ўмераную сілу замест дазволенага законам усяго арсенала прыёмаў, спецыяльных сродкаў і зброі".

За два месяцы пратэстаў сілавікі ўжывалі супраць пратэстоўцаў: слезацечны газ, святлошумавые гранаты і патроны, гумовыя кулі, вадамёты і баявую табельную зброю. Што яшчэ за гэты час яны не паспелі ўжыць?

 

Пра жаночыя акцыі

"На вуліцу выйшлі дзяўчаты з кветкамі. Але мы выдатна разумелі, што і за гэтымі мірнымі пратэстоўцамі стаяць тыя самыя баевікі і іх каардынатары з Захаду, якія імкнуцца падтупіць нашу пільнасць з дапамогай жаночых усмешак, падарункаў. І іх мэта не мяняецца — разбурыць усё, што ёсць, знішчыць праваахоўныя органы, насаджаючы свой парадак і чужыя нам каштоўнасці".

Радыкалы

"Цяпер засталася толькі найбольш радыкальная частка натоўпу. На мітынгі гэтыя людзі выходзяць падрыхтаванымі камандамі, узброеныя нажамі, заточкамі, металічнымі прутамі, бітамі. На чале такой каманды — "трэнер", правадыр, які прасякнуўся ідэямі "каляровай рэвалюцыі", таго, што перамены павінны насаджацца радыкальным шляхам беспарадкаў і барыкад".

Пасля кожнай буйной вулічнай акцыі лік затрыманых у Беларусі ідзе на сотні. Прадметы, якія пералічвае Карпянкоў, сілавікі знаходзяць у адзінак. Металічныя пруты зусім згадваюцца аднойчы — уночы з 9 на 10 жніўня, іх нібыта выкарыстоўвалі пратэстоўцы ў Пінску.

Біты згадваліся ў міліцэйскіх зводках за 11 кастрычніка, нібыта пратэстоўцы "выкарыстоўвалі загадзя падрыхтаваныя біты, камяні, а таксама прыстасаванні асляпляльнага ўздзеяння".

На фота і відэа, якія публікуе МУС, — біты, пруты і арматура не траплялі.

Мірныя пратэстоўцы

Карпянкоў дапускае, што нейкую невялікую частку сапраўды мірных пратэстоўцаў маглі на нейкі час затрымаць, ізаляваць. Па яго словах, пасля праверкі такіх людзей адпускалі.

Начальник ГУБОПиК: “Сейчас мы на передовой — почти как в 1941-м”
Сілавік пагражае стрэльбай пратэстоўцы / Alexander Zenkovich

Дваровыя чаты

"Каляровая рэвалюцыя" ў Беларусі была спланаваная па ўсіх напрамках, лічыць Карпянкоў. Вярбоўка грамадзян, прамыванне мазгоў, стварэнне дваровых чатаў у інтэрнэце, мэта якіх — арганізацыя ўзброеных камандаў баевікоў: "Менавіта яны на чале з добра вядомымі нам бандытамі, якія не раз пабывалі ў месцах пазбаўлення волі, цяпер засталіся на вуліцах. Гэта амаральныя, цынічныя асобы, якія адкрыта пагражаюць не толькі супрацоўнікам ОУС, але і нашым жонкам, дзецям, бацькам, а таксама кіраўнікам краіны і журналістам", — расказвае Мікалай Карпянкоў.

Ты фашыст! Не, ты фашыст!

Апаненты не прымаюць адрозны ад іх уласнага пункт гледжання і паводзяць сябе вельмі агрэсіўна, лічыць начальнік ГУБАЗіК:

"Тых, хто асмеліцца ім запярэчыць, абвяшчаюць карнікамі, фашыстамі. Але ж менавіта яны — фашысты, якія спрабуюць пасеяць хаос, нянавісць паміж людзьмі, раскалоць грамадства".

Пры гэтым не гаворыць, што супраць апанентаў цяперашняй улады ўжываюцца ўсе віды сілавых мер, уключаючы брутальныя крывавыя разгоны пратэстоўцаў з ужываннем спецсродкаў. І ні пра які дыялог гаворкі не ідзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі