Над Гроднам лёталі папяровы конь і каза на парашуце (фота)

У Гродне запусцілі ў неба Дзеда Мароза, снегавіка, каня і некалькі елак. Ракетнае шоў для гараджан зладзіла лабараторыя ракетна-касмічнага мадэлявання Гродзенскага цэнтра тэхнічнай творчасці на імправізаваным касмадроме стадыёна “Нёман” 2 снежня.

Ракетныя мадэлі былі зробленыя ў асноўным з паперы. З-за дажджу і ветру ім не ўдавалася высока ўзлятаць і яны прызямляліся недалёка ад гледачоў. Такі ж самы лёс спасціг і галоўную ракету дня — папяровага каня. Менавіта ён як сімвал мінулага года павінен быў ўзляцець высока і выпусціць плюшавую казу на парашуце.

Каб не размоклі астатнія макеты і не намок порах, ракеты запускалі вельмі хутка. Вышэй за ўсіх ўзляталі маленькія мадэлі, якія даводзілася лавіць нават па-за межамі стадыёна. Як распавёў загадчык лабараторыі ракетна-касмічнага мадэлявання Аляксандр Ліпай, далей за ўсё ракеты лёталі ў 2013 годзе.

Таксама падчас запуску для гледачоў правялі касмічную латарэю з прызамі ад арганізатараў і спонсараў ракетнага шоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі