Над Мінскам вечарамі лятае верталёт МНС — гэта праверка цепласетак
Над Мінскам лятае верталёт МНС, але гэта не значыць, што адбылося нейкае здарэнне. Такім чынам вядзецца праверка стану цепласетак горада, паведамілі БЕЛТА ў філіяле “Мінскія цеплавыя сеткі” РУП “Мінскэнерга”.
Аэраздымку будуць рабіць да 11 сакавіка. Аблёт горада ажыццяўляецца з вышыні птушынага палёту. На борце машыны размяшчаюцца спецыяльныя прыборы для выяўлення цеплавых анамаліяў — пашкоджанні, недастатковая цеплавая ізаляцыя ў трубаправодах, затапленні трубаправодаў.
Па выніках абследавання складуць табліцу папярэдніх аператыўных вынікаў. У сувязі з тым, што цяпер даволі высокая тэмпература паветра, аблёт будуць ажыццяўляць увечары — з 19:00 да 24:00.