Надзея Скардзіна заваявала “бронзу” ў масавым старце ў Паклюцы (відэа)

Гонка з масавым стартам у жанчын прайшла 21 снежня ў славенскай Паклюцы ў рамках 3-га этапу Кубка свету па біятлоне.

Беларуская біятланістка Надзея Скардзіна стартавала пад 16-м нумарам, а яе калега па камандзе Дар’я Домрачава — пад нумарам 2. Ужо на першым агнявым рубяжы ў Домрачавай не заладзілася стральба — Дар’я атрымала штрафное кола, а потым на выхадзе з яго яшчэ і ўпала. У часе гэтага падзення спартсменка пашкодзіла сваю вінтоўку. Надзея Скардзіна пры гэтым закрыла ўсе мішэні і пайшла па дыстанцыі ўжо 10-й.

На другой стральбе Домрачавай замянілі вінтоўку, але гэтая замена адцягвала час. Пасля гэтага агнявога рубяжа беларуска мела ўжо чатыры штрафныя колы і адставала ад лідара гонкі, фінкі Кайсы Макярайнен болей як на 3 хвіліны. А Скардзіна паспяхова адстраляла і другі рубеж, пасля якога перасунулася на трэцяе месца.

На сярэдзіне гонкі Домрачава сышла з дыстанцыі — яна ўжо была на апошнім месцы. А Надзея Скардзіна закрыла ўсе мішэні на 3 і 4 агнявых рубяжах і змагла ўварвацца ў тройку лідараў. Яна прайграла на фінішы лідару Кайсе Макярайнен толькі 15,8 секунды, а ад сярэбранага прызёра — Анаіс Бескон з Францыі — адстала толькі на 8,2 секунды. Такім чынам, Скардзіна атрымала “бронзу” ў масстарце ў Паклюцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі