Намеснік Макея правядзе ў Казахстане перамовы аб пастаўках нафты
Урад Беларусі не адмаўляецца ад ідэі паставак нафты з Казахстану. На фоне скарачэння ў трэцім квартале паставак на завод "Нафтан" расійскай нафты, пра якую заяўляе "Транснефть", пастаўкі з казахстанскай нафты прыйшліся б вельмі да месца.
Перамовы будзе праводзіць намміністра замежных справаў Аляксандр Гур'янаў. Яму прадастаўленыя паўнамоцтвы для аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Казахстанам у галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь.
Але ёсць падводныя камяні. Казахстан і Беларусь не могуць дамовіцца пра пастаўкі нафты ўжо некалькі гадоў. У Нурсултане хочуць, каб Мінск гарантаваў, што не будзе рээкспартаваць нафтапрадукты, вырабленыя з казахстанскай нафты. А таксама аглядаюцца на Маскву.
"Нафтан" цяпер знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі, а ўся беларуская нафтавая галіна — пад еўрапейскімі. Прычым незалежны аналітык Сяргей Чалы адзначае, што спіс забаронаў даволі заблытаны. Цалкам магчыма, што нафтавыя трэйдары з Казахстана палічаць больш простым варыянтам не ўзаемадзейнічаць з беларускімі кампаніямі, чым разбірацца, за што на іх могуць быць накладзеныя штрафныя санкцыі, а за што не.
Амерыканцы актыўна інвестуюць у казахскую нафтавую галіну. Ды і наогул узровень супрацоўніцтва паміж ЗША і Казахстанам у разы вышэйшы, чым у Мінска і Вашынгтона.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.