Нарадзіўся ў імперыі, жыў у Парыжы і Нью-Ёрку. Ці можна лічыць Шагала беларусам?

Калаж з фота Марка Шагала

Калаж з фота Марка Шагала / sammlung.ru

7 ліпеня спаўняецца 137 гадоў са дня нараджэння мастака Марка Шагала. Ён з’явіўся на свет у Лёзна на Віцебшчыне, якое ў той час уваходзіла ў Расійскую імперыю, у габрэйскай сям’і, і за жыццё памяняў з тузін гарадоў. Але віцебскія матывы паўставалі ў яго творах да апошніх дзён, хаця творца ніколі не лічыў сябе беларусам. 

Ці варта тады нам лічыць Шагала беларускім мастаком? Еўрарадыё разбіралася ў няпростым пытанні шагалаўскай спадчыны.

Габрэй, расіянін, француз, беларус

Варта зазначыць ад самага пачатку — не існуе акадэмічнага ці культуралагічнага кансэнсусу пра тое, кім жа быў Шагал. Паходжанне мастак меў габрэйскае, усё дзяцінства правёў у горадзе, які ў той момант быў у складзе Расійскай імперыі. Потым пераехаў і працаваў у розных краінах свету: Францыі, Германіі, ЗША ды іншых.

Таму ў публічных крыніцах інфармацыі Шагала прадстаўляюць па-рознаму. У расійскай Вікіпедыі ён безапеляцыйна пазначаны як рускі і французскі мастак, у французскай вызначэнне больш дыпламатычные — “ураджэнец Віцебскай вобласці Беларусі, натуралізаваўся як французскі грамадзянін у 1937 годзе”. Англамоўная і дзве беларускамоўных версіі Вікіпедыі вызначаюць, што Шагал — “беларуска-французскі мастак”, з удакладненнем пра яго габрэйскія карані. 

Нарадзіўся ў імперыі, жыў у Парыжы і Нью-Ёрку. Ці можна лічыць Шагала беларусам?
Карціна "Над горадам" / sothebys.com

Што тычыцца музейных фондаў і аўкцыённых дамоў, дык там згадкі пра Беларусь сустракаюцца нашмат радзей. У каталозе Sotheby's, які ў мінулым годзе прадаў малюнак “Над горадам” за 15 млн долараў, Шагал праходзіць як руска-габрэйскі мастак. Метраполітан-музей у Нью-Ёрку піша, што творца “нарадзіўся ў 1887 годзе ў сталіцы правінцыі Віцебск на захадзе Расіі ў хасідскай яўрэйскай сям'і”.

Але не ўсе арт-актывісты прымаюць сітуацыю з паходжаннем Шагала і іншых мастакоў Віцебскай мастацкай школы такой, якая яна сёння ёсць. У сакавіку 2023 года Беларуская рада культуры распачала кампанію #art_born_Belarus, мэта якой — унясенне правак у апісанні твораў, каб у калекцыях сусветных мастацкіх музеяў мастакі былі пазначаныя, як ураджэнцы Беларусі. 

Пакуль кампанія можа пахваліцца толькі адной заўважнай заваёвай — Нацыянальная галерэя мастацтва ў Вашынгтоне дадала да карцін мастакоў Віцебскай школы шыльды пра тое, што яны хаця і нарадзіліся ў Расіі, але цяпер гэта тэрыторыя Беларусі.

“Шагал — беларускі для ўсіх беларусаў”

Рознагалосіца ў атрыбутацыі Шагала ў энцыклапедыях і музеях не адказвае на пытанне — ці варта яго лічыць беларускім мастаком. Таму па адказ звяртаемся да мастацтвазнаўцы і папулярызатара выяўленчага мастацтва Мікіты Моніча.

“Калі мы кажам пра ролю Шагала ў сусветнай культуры, у мастацтве, у яго гісторыі, то гэта дакладна сусветны мастак, адзін з самых папулярных і запатрабаваных. У сусветнай арт-базе мастакоў звестак пра мастацкія творы і іх набыццё ён апошнія дваццаць ці больш год, што існуе гэтая база, займае адно з першых месцаў. 

Пры гэтым большая частка ягонай творчай біяграфіі і большая частка ягонага поспеху звязаная з дзвюма краінамі. Гэта спачатку Германія, а пасля, канешне ж, Францыя. Перш за ўсё Парыж — гэта там, дзе ён і вучыўся, атрымаў прызнанне, і стаў сусветна вядомым мастаком. Пры гэтым у яго быў тэрмін, калі ён жыў у ЗША і таксама там прадстаўлены. Пры гэтым этнічна ён габрэй, і таму яго звязвае пэўная колькасць сувязяў з Ізраілем. Але Шагал ніколі не ідэнтыфікаваў сябе менавіта як габрэйскі мастак”.

Нарадзіўся ў імперыі, жыў у Парыжы і Нью-Ёрку. Ці можна лічыць Шагала беларусам?
Мікіта Моніч / gorodw.by

Улічваючы ўвесь гэты гістарычны кантэкст, кажа Моніч, мы пераходзім да каранёў.

“Пэўную колькасць разоў у сваіх біяграфіях, інтэрв'ю, Шагал называў сябе рускім мастаком ці ўвогуле рускім. Гэта тое, на чым, напрыклад, грунтуецца яго ўласная самаідэнтыфікацыя. І яе прытрымліваюцца куратары яго выстаў, яго нашчадкі”.

Здаецца, што ўсё гэта сведчыць не на карысць таго, каб называць Шагала беларускім творцам. Але Моніч стаіць на пазіцыі, што беларусам карысна лічыць мастака сваім. 

“Бо ён сусветна вядомы мастак. Бо для ягонай ідэнтычнасці Віцебск вельмі важнае месца — і праз усё сваё жыццё ён пранёс выявы горада і працягваў яго маляваць. Бо ён пачаў фарміравацца пад уплывам Юдаля Пэна ў Віцебску, які паслядоўна развіваў сваю школу і дапамагаў таленавітай моладзі ператварацца ў прафесійных мастакоў”.

Шагал на сёння — частка нашай беларускай ідэнтычнасці. Тых стэрэатыпаў, якія мы маем наконт культуры. То бок, вось калі пералічваць людзей культуры, то з мастакоў Шагал у нас узнікае ў спісе першым. 

“Зразумела, што для нацыянальна арыентаваных беларусаў Шагал — гэта нашае ўсё. Але і для беларусаў, якія існуюць па другім ідэалагічным баку барыкадаў, мастак таксама нашае ўсё. Шмат хто з іх пад відэа майго ютуб-блогу піша, што сучасныя мастакі-эмігранты — здраднікі, кінулі радзіму. А як тады з Шагалам? Ён любіў сваю краіну і доўгі час у сваёй творчасці да яе звяртаўся, хаця і з’ехаў. Гэта сведчыць, што Шагал — беларускі для ўсіх беларусаў”.

А значыць, ён частка нашай культуры. Засталося толькі адно — працягваць рабіць крокі, каб Шагал прысутнічаў у гэтай культуры: купляць яго карціны, развіваць турызм па месцах, дзе ён жыў і працаваў. На думку Моніча, гэтага ўсяго ў Беларусі пакуль недастаткова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі