Нарвегія адмовілася падараваць Фінляндыі гару на Дзень незалежнасці
Нарвегія адмаўляецца падараваць Фінляндыі гару Халці на знак сяброўства на 100-годдзе ўтварэння Фінляндскай Рэспублікі. Пра гэта заявіла нарвежскі прэм’ер-міністр Эрна Сульберг. Раней выказваліся прапановы аддаць 1361-метровую гару Фінляндыі: Халці стаіць на мяжы дзвюх краін і ўчастак схілу трапляе на фінскую тэрыторыю, а пік знаходзіцца ўжо ў Нарвегіі.
Аднак перанос мяжы на 150-200 метраў пацягне за сабой складаныя юрыдычныя праблемы, перакананыя ў нарвежскім урадзе. Да таго ж такі падарунак не адпавядае канстытуцыі Нарвегіі, у першым артыкуле якой напісана, што краіна не будзе па добрай волі саступаць сваю тэрыторыю.
Каб павіншаваць суседзяў са 100-годзем незалежнасці, якое будзе адзначацца 6 снежня 2017 года, Нарвегія абяцае прыдумаць іншы годны падарунак, паведамляе ВВС.