Наста Дашкевіч: паглядзім, хто каго — лабісты МЗС ці крыўда МУС
Каля суда Цэнтральнага раёна Мінска, куды павінны прывезці Змітра Дашкевіча, сабраліся ягоныя родныя і сябры.
Змітра Дашкевіча затрымалі на мітынгу 24 сакавіка ў Мінску, дзе ён выступіў з рэзкай прамовай. Ягоная жонка Наста ў каментары Еўрарадыё распавяла пра затрыманне: "Калі я пачула першы абзац ягонай прамовы, то ўжо стала ўсё чакана".
Яна не падтрымлівае тых, хто заклікаў пасля затрымання Дашкевіча спыніць святкаванне ў Кіеўскім скверы: "Ні Зміцер, ні хто іншы не быў бы рады, калі б спынялі канцэрт".
Наста Дашкевіч спадзяецца, што мужа не пасадзяць на суткі, зважаючы на міжнародныя адносіны: "У мяне яшчэ ёсць надзея, што амерыканскі пасол і міжнародная місія 28-га чысла важней, чым нейкі Дашкевіч. Паглядзім, хто каго — лабісты МЗС ці крыўда МУС".
На 28 сакавіка ў Беларусь запланаваны візіт федэральнага канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца.