Настаўніцу, якая пагражала стукнуць вучня партай і абражала, звольнілі
13 верасня з гомельскай школы №15 звольнілі настаўніцу пачатковых класаў, перадае Радыё "Свабода". Жанчына пагражала чацверакласніку, што стукне яго партай, а таксама нецэнзурна лаялася і абражала дзіця.
Відэа з гэтым інцыдэнтам апублікаваў сайт "Моцныя навіны". Як распавядала Еўрарадыё, жанчына на ўроку рускай мовы занесла над галавой школьніка парту і крычала: "Я пайду ў турму, а табе п...ц!".
Вечарам 13 верасня ў школе прайшоў бацькоўскі сход. У ім прынялі ўдзел намеснік старшыні гарвыканкама Віталь Атаманчук, начальнік упраўлення адукацыі Сяргей Парошын ды іншыя чыноўнікі.
Парошын папрасіў у бацькоў прабачэння і абвясціў, што настаўніца звольненая. Яна выкладала ў другім класе, а ў чацвёрты ў дзень інцыдэнту трапіла на замену.
"Факты, выкладзеныя відэа, якое трапіла ў інтэрнэт, знайшлі сваё пацвярджэнне. Настаўніца пісала тлумачальную, яна ўсведамляе свае дзеянні як няправільныя. Мы шкадуем, што так атрымалася", — патлумачыў чыноўнік.
Паведамляецца, што жанчына адпрацавала ў школе 35 гадоў, ёй хутка на пенсію. Дарэчы, бацькі, чые дзеці вучацца ў другім класе, шкадуюць, што іх настаўніцу звольнілі. Яны лічаць, што звольненая настаўніца — добры педагог.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.