Настаўнік фізкультуры: З БАТЭ і “Дынама” смяюцца як некалі з Домрачавай

Шакуючы дэбют “БАТЭ” і “Дынама” выклікаў больш шуму, чым іх выхад у групавыя стадыі. “Тэнісны” лік 6:0 і 6:1 ― няўжо паміж медалістамі беларускага чэмпіянату і моцнымі еўрапейскімі клубамі такая прорва? Што здарылася?

“Не магу адказаць адназначна. Але, мяркую, адбылося наступнае: забыліся памперсы ўзяць з сабой, ― выказваецца Людас Румбуціс, беларускі футбольны спецыяліст і трэнер. ― Гэта калі жартам. А калі сур’ёзна, то перагарэлі, напэўна. Калі ўзгадаць казусны гол пасля памылкі Чэрніка. Мяч, які па сутнасці Нікаліч сабе забіў… У гэтыя два дні ўсё было супраць беларускіх клубаў. Што ні білі па варотах усё залятала. Глядзіш падчас матча на статыстыку: 4 удары 4 галы. Такое трэба яшчэ пашукаць у сусветнай практыцы”.

Еўрарадыё: У чым прычына таго, што каманды сінхронна перагарэлі?

Людас Румбуціс: “Мяркую, іх ўласны ўзровень чаканняў быў вельмі высокі. Яны зразумелі, што трапілі ў групы, дзе няма футбольных грандаў. А раптам атрымаецца? І мне здаецца, яны сябе загналі ў маральным плане вельмі глыбока, што не маюць права на памылку. Зашкальвалі адказнасць і эмоцыі. А гэта, як правіла, да памылак і прыводзіць. Таму такая лажа атрымалася. Хоць момантамі і камбінацыі нейкія разыгрываліся, і кантроль мяча быў. Цяпер трэба проста рыхтавацца, як да звычайных гульняў, а не выходзіць на поле як у апошні раз. Гуляйце, як вы ўмееце!”

БАТЭ vs “Дынама”: хто горш стартаваў у еўракубках (статыстыка)

Футбольны эксперт, кіраўнік праекта by.tribuna.com Максім Беразінскі, нягледзячы на шакуючыя паражэнні, лічыць што нашы клубы здольныя на “некалькі нічыіх і перамогі”.

“Здараецца, што ў пачатку гульні адбываецца фатальная памылка, а потым прапускаеш некалькі галоў цягам кароткага часу. Пры гэтым усе ўдары па тваіх варотах залятаюць. Фатальнае нешанцаванне, ― выказваецца пра дэбют “БАТЭ” і “Дынама” у сёлетніх еўракубках Максім Беразінскі. ― Прытым, нешанцаванне здарылася з абедзвюма беларускімі камандамі. Не хачу нікога апраўдваць, нашы гулялі дрэнна. Сабрацца і пераламіць ход матчаў з камандамі еўрапейскага ўзроўню яны проста не змаглі”.

Пры гэтым Максім Беразінскі, як і Людас Румбуціс, лічыць, што такі правал у многім здарыўся з-за завышаных чаканняў: занадта на многае раскаталі губу.

“Да добрага хутка прызвычайваешся, і пасля лёсавання многія разлічвалі, што абедзве нашы каманды здольныя на выхад з групы. Такія завышаныя чаканні на выхадзе выліваюцца ў расчараванне. У наступных матчах усё будзе нашмат лепш”.

Настаўнік фізкультуры адной з мінскі школ, дзіцячы трэнер і адзін з трэнераў міні-футбольнага клуба “Ахова-ДынамаВалерый Зярненка мяркуе, што балючыя паражэнні на старце могуць апынуцца на выхадзе выйгрышнымі.

“Магчыма, ёсць адзін момант у нашых галовах. “БАТЭ” выйшаў у Лігу чэмпіёнаў, многія лічаць, што ім гэтага дастаткова. “Дынама-Мінск” таксама шчаслівае, бо выйшлі ўпершыню ў гісторыі суверэнітэту ў Лігу Еўропы. Можа быць, яны гэтым і задаволіліся, склалі зброю? Але, мяркую, 0:6 і 1:6 іх у прытомнасць прывядзе. Яны зразумеюць, што гуляць трэба ў футбол”.

Спецыяліст лічыць, што надзвычай слабымі месцамі у камандах былі варатары. А ў цэлым, калі БАТЭ падчас першай гульні выглядаў на некалькі галоў больш слабым за “Порту”, то “Дынама” месцамі дэманстравала характар.

“Падчас гульні я не заўважыў, што ў камандзе быў мандраж, футбалісты настроіліся адэкватна, не было напужаных вачэй. Проста здарыўся шэраг памылак. Але рукі не склалі, біліся да канца”, ― выказваецца Валерый Зярненка пра “Дынама”.

Еўрарадыё: Як, на вашу думку, можна пераламіць сітуацыю?

Валерый Зярненка: “Крытыка сёння не дасць вынікаў. Трэба даць хлопцам паверыць у сябе. Узгадайце Дар’ю Домрачаву, з якой смяяліся: усе на лёжцы, а Даша стаіць. Гэты момант па “Еўраспорце” цэлы год круцілі як жарт. А праз нейкі час Дар’я ўзяла тры залатыя медалі на Алімпіядзе. Таму футбалістам пра гэтыя гульні трэба забыцца. Я думаю, што станоўчага выніку мы дачакаемся”.

Старт БАТЭ і “Дынама”, калі правесці аналогіі, нагадвае глухі баксёрскі накаўт. У боксе такое здараецца нават з зоркамі. Можа быць, і футбол не выключэнне?

Фота uk.news.yahoo.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі