Навагрудскага ксяндза ўсё яшчэ могуць прызваць у войска

Ксёндз Дзмітрый Малец (злева) / grodnensis.by
Ксёндз Дзмітрый Малец (злева) / grodnensis.by

Гісторыя з прызывам навагрудскага ксяндза Дзмітрыя Мальца ў войска яшчэ не дайшла да фіналу. Святару трэба прайсці медабследаванне, па выніках якога будзе вырашацца ягоны лёс. Пра гэта сам Малец расказаў расійскаму інфармагенцтву Sputnik.

"Падчас апошняй камісіі ў Гродне я паскардзіўся на здароўе, на ціск. У ваенкамаце ведалі, што ў мяне ёсць пытанні са здароўем. Мяне накіравалі на абследаванне. Я знаходжуся ў кардыядыспансеры ў Гродне", — кажа ксёндз.

Пакуль невядома, ці прыдатны ён па стане здароўя для тэрміновай службы — лекары скажуць дакладны дыягназ пасля абследавання. Калі вырашаць, што малады ксёндз прыдатны для службы і выпішуць яго да 30 траўня, то яго яшчэ могуць забраць у войска.

"Калі абследаванне акажацца больш доўгім, а напрыканцы траўня дыягназ не будзе вядомы, то мяне ўжо не прызавуць, бо скончыцца час вясновага прызыву, а потым, 18 чэрвеня, мне споўніцца 27 гадоў", — тлумачыць святар.

Сам ён спадзяецца, што працягне служэнне ў касцёле: "Мы і так служым Госпаду Богу, і тэрміновая служба не абавязковая для выратавання нашых душ".

Малец кажа, што ён адзіны ў Беларусі ксёндз прызыўнога ўзросту, які быў прызнаны прыдатным да службы ў войску. У мінулыя гады яму прыходзілі позвы, ён праходзіў медкамісіі, але штогод атрымліваў адтэрміноўку ад прызыву паводле ўказа Лукашэнкі. Сёлета такога ўказа не было.

Пра прызыў у войска каталіцкага ксяндза з Навагрудка стала вядома 22 траўня. Дзмітрыя Мальца прызвалі менш чым за месяц да заканчэння прызыўнога ўзросту. На наступны дзень пробашч яго парафіі паведаміў, што ў войска ксяндза пакуль не забіраюць.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі