Навальную хочуць не дапусціць да выбараў, каб прадухіліць "беларускі сцэнар"

Навальную хочуць не дапусціць да выбараў, каб прадухіліць "беларускі сцэнар"

Юлію Навальную, жонку расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, хочуць не дапусціць у 2021-м да выбараў у Дзярждуму РФ, каб прадухіліць у Расіі "беларускі сцэнар". Такую прапанову кіраўніцтву расійскага парламента даслала Асацыяцыя прадпрымальнікаў па развіцці бізнес-патрыятызму "Аванці". Як паведамляе ria.ru, "праблему" збіраюцца вырашыць праз папраўкі ў заканадаўства РФ, якія не дазволяць удзельнічаць у выбарах фізічным асобам-"замежным агентам" і іх блізкім сваякам.

"Бізнес-патрыёты" лічаць, што Захад будзе працягваць спробы "расхістаць лодку" ў Расіі, абапіраючыся на апазіцыянераў. Выбары ў Дзярждуму прызначаны на 19 верасня 2021 года. Аўтары ліста перакананыя, што да таго часу будуць рабіцца спробы "гвалтоўнай змены ўлады".

У лісце згадваецца сітуацыя ў Беларусі, якая адбылася летам 2020 года. Тады да прэзідэнцкіх выбараў не дапусцілі Сяргея Ціханоўскага, але зарэгістравалі яго жонку Святлану Ціханоўскую — не думалі, што яна стане лідаркай пратэстаў. "Як вядома, пажар лягчэй прадухіліць, чым патушыць", — пішуць "бізнес-патрыёты". І працягваюць: "Прадухіленне магчымага ўдзелу ў выбарах у Дзяржаўную думу Юліі Навальнай... дазволіць прадухіліць беларускі сцэнар і акажа станоўчы ўплыў на захаванне стабільнасці палітычнай сістэмы нашай краіны".

Як адзначае meduza.io, насамрэч Мінюст Расіі ўключыў у спіс "замежных агентаў" не Навальнага, а заснаваны ім Фонд барацьбы з карупцыяй. "Аванці" была заснавана ў 2014-м экс-сенатарам ад Чачні Умарам Джабраілавым. Цяпер ёй кіруе Рахман Янсукаў. Асацыяцыя і раней выступала са скандальнымі прапановамі. Сярод іх — абавязковая рэгістрацыя расійскіх грамадзян пры доступе ў інтэрнэт.

Навальную хочуць не дапусціць да выбараў, каб прадухіліць "беларускі сцэнар"
Аляксей Навальны ў судзе / Reuters

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі