Навапалачаніну, які абліў фарбай Z-аўтамабіль, пагражае 1 год умоўна
Ілля Двойрын
Адзін год умоўна просіць дзяржабвінавачанне для 53-гадовага работніка "Нафтана" Іллі Двойрына, паведамляюць праваабаронцы. Мужчыну судзяць за тое, што ён нібыта абліў фарбай аўтамабіль з крымскімі нумарамі і літарай Z.
Суд пачаўся 27 верасня, працэс вядзе суддзя Віталь Лапко. Двойрыну інкрымінуюць хуліганства (ч. 1 арт. 339 КК).
Як распавядала Еўрарадыё, Двойрына затрымалі 4 ліпеня разам з сынам Дзмітрыем і нявесткай Вікторыяй, а таксама іншымі сваякамі. Дома ў іх адбыліся пераструсы.
На Іллю спачатку склалі адміністрацыйны пратакол і арыштавалі на 15 сутак. Нібыта, 16 траўня ён на аўтобусным прыпынку расклеіў антываенныя ўлёткі з выявай Уладзіміра Пуціна. Пасля гэтага на Двойрына пачалі крымінальную справу за абліты фарбай Z-аўтамабіль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.