Навошта беларускаму грамадству КР і чаму важна падтрымліваць гэты інстытут. Меркаванне

У міжнароднай палітыцы важна разумець, хто каго прадстаўляе

У міжнароднай палітыцы важна разумець, хто каго прадстаўляе / facebook.com/belrada.vision

— За ўсю гісторыю існавання прадстаўнічых структур беларускай апазіцыі — прыкладна з 1994 года па 2026-ы — Каардынацыйная рада дасягнула максімальнага ўзроўню прадстаўніцтва на міжнародным узроўні, — сцвярджае юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк у эфіры Еўрарадыё.

На стрыме ў Змітра Лукашука ён выступіў у абарону Каардынацыйнай рады, прыводзячы аргументы на карысць таго, каб гэты орган працягваў сваю працу. Нагадаем, што выбары ў КР пройдуць з 11 па 17 траўня 2026 года.

— Калі глядзець шырэй, у гістарычнай перспектыве, напрыклад з часоў БНР, то Рада БНР таксама працягвае існаваць і мае сваю пераемнасць і ролю, у тым ліку праз міжнародныя кантакты. Але крытыкі Каардынацыйнай рады часта кажуць, што яна нібыта "апускаецца да ўзроўню Рады БНР у выгнанні". Насамрэч такі ўзровень — гэта ўжо даволі высокі статус, бо гаворка ідзе пра структуры, якія дзейнічаюць без уласнай дзяржаўнай улады.

Сёння ў гэтых арганізацый няма ні магчымасці збіраць падаткі, ні ўтрымліваць вялікі штат прафесійных супрацоўнікаў, як гэта робяць дзяржаўныя рэжымы. У той жа час структуры дэмакратычных сіл Беларусі працуюць пераважна дзякуючы энтузіязму людзей, многія з якіх маюць асноўную працу і займаюцца грамадскай дзейнасцю дадаткова, у вольны час.

Нягледзячы на абмежаваныя рэсурсы і рызыкі, у іх захоўваецца магчымасць прадстаўляць інтарэсы беларусаў на розных узроўнях — у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, а таксама ў дзяржаўных і адміністрацыйных інстытутах краін, дзе жыве вялікая беларуская дыяспара, напрыклад у Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.