Навукоўцы даказалі, што кафеін паляпшае памяць
І нават вылічылі яго ідэальную дозу.
Каб лепш здаць сесію, навукоўцы раяць пасля прачытання канспекта выпіваць вялікі кубак эспрэса. Бо, як вынікае з амерыканскага даследавання, апублікаванага ў часопісе Nature Neuroscience, кафеін паляпшае доўгатэрміновую памяць. The Independent апісвае эксперымент:
“Валанцёрам выпадкова прапанавалі 200-міліграмавыя таблеткі кафеіну альбо плацэба праз пяць хвілін пасля вывучэння серыі выяваў. Праз дзень высветлілася, што памяць тых, хто прыняў кафеін, была ўзмоцненая. Колькасць кафеіну прыкладна раўнялася двайной порцыі моцнага эспрэса”.
На наступны дзень валанцёрам (усе яны, дарэчы, былі нерэгулярнымі спажыўцамі кавы) паказалі тыя ж самыя выявы ўперамешку з новымі. І трэба было вызначыць, якія фотаздымкі з’яўляюцца “новымі”, а якія “старыя” ці “падобныя да арыгінальных здымкаў”.
Даследчая каманда пад кіраўніцтвам прафесара Майкла Ясы сцвярджае, што эфект паляпшэння памяці кафеінам цягнецца не менш за 24 гадзіны. Прычым, калі ўжываць кафеін за гадзіну да дэманстрацыі карцінак, ніякага эфекту не назіраецца. Разам з тым, Майкл Яса кажа, што зусім не абавязкова цяпер бегчы па каву, шакалад ці кафеінавыя таблеткі.
Майкл Яса: “Наша даследаванне паказвае, што 200 міліграмаў кавы карысна для тых, хто не ўжывае кафеін рэгулярна. Больш высокія дозы могуць быць не такімі карыснымі. Калі вы спажываеце кафеін рэгулярна, доза можа мяняцца”.
Але ўсё добра ў меру. Майкл Яса перасцерагае наконт рызык з боку кафеіну: у некаторых людзей ён можа выклікаць адчуванне трывогі і непакою. Прыкладна такога ж меркавання прытрымліваецца і доктар Ашок Янсары са Школы псіхалогіі Універсітэта Усходняга Лондана:
“Я б, пэўна, не раіў людзям спажываць як мага больш кафеіну, бо больш за 200 міліграмаў могуць не дапамагчы моцна. І калі вы спажываеце шмат кафеіну, могуць узнікаць негатыўныя наступствы для арганізма”.
Цікава, што сярэдні амерыканец спажывае каля 300 міліграмаў кафеіну ў дзень. Асноўнымі яго крыніцамі з’яўляюцца кава, гарбата і безалкагольныя напоі.
Летась выданне Medical News today паведамляла пра даследаванні, якія сцвярджаюць, што кафеінавыя напоі зніжаюць рызыку захворвання печані, а 2-4 кубкі кавы ў дзень могуць знізіць рызыку самазабойства. Іншыя ж даследаванні гавораць пра такія негатыўныя ўздзеянні стымулятара, як парушэнне сну і зніжэнне сардэчнай функцыі.
Фота: intimo-fresco.com