Назіральнік: Сёлетняя кампанія не адрозніваецца ад выбараў 2010 года
Выбарчая кампанія 2015 года амаль не адрозніваецца ад кампаніі 2010 года, расказаў у эфіры Еўрарадыё праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
"Сама кампанія нагадвае 2010 год па дынаміцы і хадзе выбарчага працэсу. Сур’ёзнае адрозненне толькі ў знешняй геапалітычнай сітуацыі. А самі працэдуры такія, як у 2010-м", — адзначае Стэфановіч.
Паводле яго слоў, рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ перад выбарамі не былі ўлічаныя. І шмат якія этапы засталіся традыцыйнымі. Напрыклад, фармаванне выбарчых камісій праходзіла, як раней. Плюралізму ў камісіях няма, апазіцыйныя партыі там амаль не прадстаўленыя. Сёлета сітуацыя нават горшая, бо трапілі ў камісіі толькі 6% вылучаных прадстаўнікоў апазіцыі, а ў 2010 годзе такіх было амаль 15%, кажа праваабаронца.
Каля 18% назіральнікаў сталі сведкамі, як выбаршчыкаў "заганялі" на выбарчыя ўчасткі.
Стэфановіч: "Выбаршчыкі просяць выдаць ім паперкі, што яны прагаласавалі, каб паказаць адміністрацыі прадпрыемства. Студэнтаў прыводзяць куратары".
Але скаргі ў асноўным ананімныя. Таксама назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за справядлівыя выбары" зафіксавалі несупадзенне ў яўцы на 7% працэнтаў. На некаторых участках ёсць даволі значнае разыходжанне. Назіральнік Павел Левінаў на 61-м участку ў Віцебску сфатаграфаваў пратакол, які вывесілі у чацвер увечары. Там было пазначана, што ўчастковая камісія атрымала 2050 бюлетэняў, але раніцай з’віўся новы пратакол, у ім гэтых бюлетэняў ужо... 2150. Ён сфатаграфаваў абодва дакументы.