На аўкцыён выставілі кватэру праваабаронцы "Вясны" Лабковіча
Кватэра Уладзіміра Лабковіча
На электронны аўкцыён "Белюрзабеспячэння" выстаўленая нерухомасць, якая належыць двум палітвязням-праваабаронцам. Гаворка ідзе пра Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча з праваабарончага цэнтра "Вясна".
На таргі выставілі двухпакаёвую кватэру ў доме №43 па вуліцы Тухачэўскага ў Мінску. Яна належыць Уладзіміру Лабковічу і арыштаваная паводле рашэння следства. На фатаздымках з кватэры бачна, што гаспадары не вывезлі нават закаткі.
Пачатковы кошт кватэры — 134 тысячы рублёў. Таргі прызначаныя на 23 красавіка.
Таксама на продажы выстаўленая 1/7 доля адміністрацыйнага памяшкання ў Мінску на вуліцы Ложынскай, 16. Агульная плошча памяшкання складае 92,1 м2. Пачатковы кошт лота — 33 300 рублёў. Таргі прызначаныя на 23 красавіка. Гэтая нерухомасць лічыцца за "вясноўцам", віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Валянцінам Стэфановічам.
У "Вясне" кажуць, што памяшканне на вуліцы Ложынскай належыць яшчэ шасці сябрам праваабарончай арганізацыі. Раней яно выкарыстоўвалася для правядзення бясплатных івэнтаў — лекцый, дыскусій, выставаў, піша "Зеркало".
Кіраўнік "Вясны", лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі асуджаны рэжымам Лукашэнкі за сваю дзейнасць на 10 гадоў калоніі, Стэфановіч — на 9, Лабковіч — на 7 гадоў.
На мінулым тыдні праз электронны аўкцыён прадалі кватэру Валерыя і Веранікі Цапкалаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.