"Саша казаў, што баіцца памерці". Трэці дзень суда па Коржычы
10 жніўня Мінскі абласны суд на выязным паседжанні ў судзе Маскоўскага раёна працягвае разгляд крымінальнай справы па факце смерці радавога Аляксандра Коржыча.
Першыя два паседжанні прайшлі 8-9 жніўня. У сераду было зачытанае абвінавачанне, а ў чацвер давалі паказанні маці радавога Святлана Коржыч, а таксама яго калега, 21-гадовы Андрэй Сівуха.
Сёння працягнецца допыт пацярпелых. Абвінавачаныя будуць дапытаныя апошнімі.
Абвінавачанне выстаўленае тром сяржантам: 23-гадоваму Яўгену Бараноўскаму, 20-гадоваму Ягору Скуратовічу і 22-гадоваму Антону Вяжэвічу. Апошні разам з жонкай выхоўвае пяцігадовага сына. Іх абвінавачваюць па ч. 1, 2 арт. 430 (атрыманне хабару службовай асобай) і ч. 3 арт. 455 КК (злоўжыванне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў). Бараноўскі таксама абвінавачваецца па ч. 1 арт. 205 (крадзеж). Ён віну прызнаў часткова па ўсіх артыкулах, а Скуратовіч і Вяжэвіч не прызналі ч. 3 арт. 455 — тую, якая тычыцца смерці радавога Коржыча.
Маці Коржыча не верыць у самагубства сына. Яна лічыць, што яго забілі. 9 жніўня яна таксама заявіла суду, што не бачыць на лаве падсудных афіцэрскага складу. Пацярпелы Андрэй Сівуха расказваў суду:
"Я ведаў, што прапаршчык Артур Вірбал [прапаршчык радавога Коржыча] сышоў у адпачынак з карткай Коржыча. У сувязі з гэтым Коржыч пытаўся ў мяне, што рабіць. Не ведаю, чаму ён звярнуўся менавіта да мяне. Я параіў звярнуцца да камандзіра ўзвода, але не ведаю, ці звяртаўся ён".
Цела Сашы Коржыча знайшлі ў пятлі 3 кастрычніка 2017 года ў сутарэнні медыцынскай роты вайсковай часткі. У салдата былі звязаныя ногі, а на галаву надзетая майка.
Расследаванне гібелі 21-гадовага пінчука доўжылася паўгода. Увесь гэты час следства адпрацоўвала тры версіі здарэння ў Печах: забойства, давядзенне да самагубства і самагубства. 19 красавіка Следчы камітэт паведаміў, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства калегі.