Усе гэтыя справы спрабуюць замяць: маці Коржыча пра сілавікоў і дзіўныя суіцыды

Святлана Коржыч / "Медиа-Полесье"
Святлана Коржыч / "Медиа-Полесье"

25 жніўня ў Маладзечне пахавалі Мікіту Крыўцова. 28-гадовы хлопец знік 12 жніўня падчас акцый пратэсту ў Мінску. Праз дзесяць дзён яго знайшлі павешаным у лесапаласе сталіцы.

Следчы камітэт лічыць, што Мікіта пакончыў з сабой. Сваякі ў гэту версію не вераць. Маці загінулага мяркуе, што хлопец стаў ахвярай сілавікоў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы.

 

Сілавікі настойваюць на версіі суіцыду, сваякі патрабуюць крымінальнай справы за забойства. Гэтыя абставіны нагадалі нам пра яшчэ адну рэзанансную справу амаль трохгадовай даўніны. Салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча з майкай на галаве і звязанымі нагамі знайшлі павешаным на вайсковым рэмені ў падвале будынка медыцынскай часткі ў Печах. Смерць Коржыча таксама прызналі суіцыдам, траіх сяржантаў з яго часці судзілі і прызналі вінаватымі па артыкулах, не звязаных з артыкуламі за забойства.

Еўрарадыё звязалася са Святланай Коржыч, маці Аляксандра, каб даведацца, як змянілася яе жыццё за тры гады пасля трагедыі. Жанчына дагэтуль незадаволеная тым, як прайшоў той суд. Яна да гэтага часу не верыць, што яе сын скончыў жыццё самагубствам. У спробах абскардзіць прысуд Святлана дайшла да Вярхоўнага суда, але даказаць забойства свайго сына ў яе не выйшла.
 

"Якое самагубства? Чалавека па-зверску замучалі! А яны кажуць: самагубства! Так і цяпер паказваюць гэтыя кадры: хлопец падняў рукі, а ў яго страляюць. А потым кажуць, што ў яго ў руках выбуховае прыстасаванне спрацавала [гаворка пра Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў на акцыі пратэсту ў Мінску 10 жніўня. — Еўрарадыё]. Тыповая сітуацыя!" — расказвае Святлана.

Жанчына прызнаецца, што да гутаркі з намі пра справу Крыўцова не чула. Але, даведаўшыся ад нас падрабязнасці, праводзіць паралелі паміж тым, што адбываецца ў краіне і ў войску:

"Калі ніхто не хоча ў войску парадкі наводзіць, то хто будзе ў краіне гэта рабіць? Афіцэры ў войску парадкі будуць наводзіць? Ім гэтага дакладна не трэба. Калі амапаўцу і ўсім астатнім дадуць пенсію ў 40 гадоў, то што — ён будзе глядзець на ўсіх навакольных? Яму далі такі загад — дык ён яго і выконвае. Ён будзе і забіваць, і рабаваць, і што хочаш".

 

“Все эти дела пытаются замять”: мать Коржича про силовиков и странные суициды

Святлана Коржыч працягвае жыць у Пінску.

"За галаву сына атрымаць 100 рублёў... Як бы гэта ні было сумна, але, напэўна, ні ў адной краіне свету такога няма. Гэта вось такая мне кампенсацыя: 100 рублёў у месяц. Гэта жудасна! Здароўе ўсё забралі — галава кругам ідзе!

А мне яшчэ кажуць, што я чагосьці дамаглася. А чаго я дамаглася? 100 рублёў у месяц. Калі б у мяне было дзесяць дзяцей, то я б, напэўна, прыняла б усе меры, каб ні адно маё дзіця туды [ў войска] не трапіла. Таму што з цябе здзекуюцца, б'юць, прыніжаюць і яшчэ грошы выцягваюць. Чалавек прыйшоў доўг свой аддаць радзіме, якія ім яшчэ грошы? Вось і ўся сістэма. І той, прабачце, бандыт-сяржант расказвае, што гэта ў іх такая сістэма".

Як і да смерці сына, жанчына працягвае прадаваць на рынку цукеркі і марыць пра адпачынак, у якім не была ўжо два гады.

"Я ж у прыгарадзе [жыву] — трымаю жывёл: козачку, курачак, качачак, вось яшчэ і парася завяла. Галодная, вядома, не буду. Але на гэтым рынку таксама не моцна нешта заробіш. Там ніякіх умоў. Шчыра кажучы, я ўжо сама на той рынак не хачу. Кажу, дайце мне ўжо нейкае памяшканне хоць за 300 рублёў [заробку], але хоць каб я ведала, што я іх атрымаю. А цяпер заробак быў да выдачы: 80 авансу і 116 палучкі. Нармальна?"

Хоць, на думку Святланы Коржыч, расследаванне смерці яе сына і падняло ў грамадстве пытанне дзедаўшчыны ў войску, але праблему гэта не вырашыла.

"Гора, якое нічым не выправіш. А такіх небарак, як мой, яшчэ ого-го колькі. Усе гэтыя справы спрабуюць замяць. Вось як справа Руслана Зайцава ў Мазыры [салдат тэрміновай службы, якога ў 2019 годзе знайшлі мёртвым у Мазырскім памежным атрадзе і чыю смерць Пагранічны камітэт прызнаў самагубствам. — Еўрарадыё]", — рэзюмуе Святлана.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі