"Вывозьце і глядзіце": бацькам загінулага дэманстранта не даюць апазнаць сына

Мікіта Крыўцоў
Мікіта Крыўцоў

Сваякам загінулага беларускага дэманстранта Мікіты Крыўцова ў моргу адмаўляюцца паказаць яго цела. Пра гэта Еўрарадыё расказала маці хлопца Анжаліка Кахно:

"Нам цела проста выкідаюць у пакеце без апазнання. Нікога не пускаюць, проста кажуць: "Вывозьце і глядзіце ў полі, глядзіце на ганку. Без следчага мы апазнання рабіць не будзем". А следчы адмаўляецца туды ехаць. І што нам рабіць? Хіба ката ў мяшку забіраць? Напісалі паперу, што гэта суіцыд, і ўсё — да пабачэння... Напэўна, баяцца таго, што яны самі нарабілі", — расказвае Анжаліка Кахно.

Паводле яе слоў, на целе Мікіты ёсць асаблівыя прыкметы — татуіроўка ў выглядзе матрошкі з імем дачкі Варвары ўнутры. Убачыўшы яе, яна магла б з упэўненасцю сказаць, што цела, знойдзенае 22 жніўня ў лесапарку ў Партызанскім раёне Мінска, належыць яе сыну.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Сяргей Кабаковіч у каментары Еўрарадыё паведаміў, што праводзіць апазнанне няма неабходнасці:

"Устанаўленне асобы ёсць — мы і так ведаем, хто гэты чалавек (па ўмоўных прадметных рэчах). А чаго хочуць сваякі, я зразумець не магу. Калі ў маці ёсць нейкія пэўныя хадайніцтвы, то мы іх гатовыя разгледзець. А для гэтага яна павінна звярнуцца ў Следчы камітэт, а не ў СМІ".

У цяперашні час СК праводзіць праверку па факце выяўлення цела Мікіты Крыўцова. Як правіла, яна доўжыцца 10 дзён, але потым гэты тэрмін можа падаўжацца. Па выніках Следчы камітэт можа альбо пачаць крымінальную справу, альбо адмовіць у яе завядзенні. Сваякі Крыўцова настойваюць на тым, каб абставіны яго смерці былі расследаваныя.

28-гадовы мужчына знік у Мінску 12 жніўня падчас масавых пратэстаў. 22 жніўня яго знайшлі павешаным. Следчы камітэт раней заявіў, што "яго смерць не носіць крымінальнага характару, бачных цялесных пашкоджанняў на целе не выяўлена".

Хаваць Мікіту Крыўцова будуць 25 жніўня ў Маладзечне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі