Не горш, чым у “Альфе”: як беларусы рыхтуюць украінцаў знішчаць ворага

Не горш, чым у “Альфе”: як беларусы рыхтуюць украінцаў знішчаць ворага

У гарадах і вёсках Украіны насельніцтва вучаць знішчаць магчымага праціўніка. Дапамагае ў навучанні ініцыятыва “Тотальний опір” (“Татальны супраціў”), арганізаваная Азоўскім рухам. Сярод інструктараў праекта — байцы тактычнай групы “Беларусь”, добраахвотнікі-беларусы, якія ваявалі на Данбасе.

“Тотальний опір” заняткі з грамадзянамі праводзіць даўно, яшчэ да пачатку шуміхі вакол магчымай маштабнай вайны паміж Расіяй і Украінай. Беларус Ян Мельнікаў — адзін з інструктараў, якія валанцёраць у гэтай ініцыятыве.

Не горш, чым у “Альфе”: як беларусы рыхтуюць украінцаў знішчаць ворага
Ян Мельнікаў (у карычневай шапцы) паказвае, як трымаць гранатамёт / t.me/totalopir

— У курс уваходзяць заняткі па тактычнай медыцыне, аказанні першай дапамогі і стабілізацыі параненага ва ўмовах баявых дзеянняў, — расказвае ў інтэрв’ю Еўрарадыё Ян Мельнікаў. — Мы даём навыкі карыстання зброяй: аўтаматамі, гранатамётамі, кулямётамі. Каб людзі разумелі, як сабраць-разабраць стралковую зброю, як правільна яе трымаць, як правільна з ёю стаяць у стойцы. Паказваем дзеянні малых груп і дзеянні ў памяшканнях — дарэчы, у Беларусі гэта адпрацоўвае “Альфа” КДБ і САХР. Расказваем аб арганізацыі блок-пастоў і аглядзе транспартных сродкаў на іх.

Акрамя таго, паказваем, як карыстацца і кіраваць беспілотнымі апаратамі (квадракоптарамі). Ёсць і мінна-падрыўная падрыхтоўка. Гэта не сапёрная справа, а кароткі экскурс. Каб людзі разумелі, што перад імі будзе ляжаць — ці то граната РГД-5, ці то граната Ф-1, ці што іншае. Каб людзі ведалі, у якіх выпадках міна можа ўяўляць небяспеку і як яе абысці.

Не горш, чым у “Альфе”: як беларусы рыхтуюць украінцаў знішчаць ворага
А вы ведаеце, што за рэчы перад вамі ляжаць? / instagram.com/totalnyi_opir

Запомніць самае галоўнае

Адны заняткі займаюць 5-6 гадзін. Веды даюцца валанцёрамі ў вельмі сціслы тэрмін: шмат людзей, шмат гарадоў, якія хлопцам трэба аб’ехаць. Вядома, што і цывільныя за адны заняткі ўсё запомніць не могуць, таму некаторыя з іх прыходзяць зноў і зноў.

Інструктары не прагнуць упіхнуць курсантам у галаву усё адразу. З дысцыплін хлопцы вылучаюць самае асноўнае і жыццёва неабходнае. Напрыклад, на занятках па медыцыне перш за ўсё вучаць хутка спыняць крывацёк, бо прычына сямідзесяці адсоткаў смерцяў на вайне — гэта нястача крыві ў арганізме пасля атрымання раненняў. З тымі, хто прыходзіць на заняткі не першы раз, інструктары працуюць ужо больш паглыблена.

Не горш, чым у “Альфе”: як беларусы рыхтуюць украінцаў знішчаць ворага
Вучэбная лакацыя “Спыненне крывацёку” / t.me/totalopir

Калі хочаш даведацца больш — без праблем

Усё ж некалькі заняткаў — гэта не паўнавартасная падрыхтоўка. Што рабіць тым цывільным, якія імкнуцца атрымаць навыкі ў поўным аб’ёме? Не ездзіць жа за валанцёрамі па гарадах.

— У кожным украінскім горадзе ўжо даўно ёсць клубы, якія час ад часу праводзяць такія заняткі, — гаворыць Ян. — Калі праводзім мы, то мы робім масавы піяр. І калі прыходзяць людзі, мы ім кажам, што ў вашым горадзе ёсць арганізацыі, якія даюць такія веды. Тыя, хто сапраўды зацікавіўся, ідуць на мясцовыя курсы, дзе яны атрымліваюць больш дэталёвую інфармацыю.

Не горш, чым у “Альфе”: як беларусы рыхтуюць украінцаў знішчаць ворага
Украінцы на занятках “Тотального опіру” / instagram.com/totalnyi_opir
Не горш, чым у “Альфе”: як беларусы рыхтуюць украінцаў знішчаць ворага
Украінскія дзяўчаты не адстаюць ад хлопцаў / instagram.com/totalnyi_opir

Пасля абстрэлу ракетамі пойдзе пяхота. Вось тут яе і сустрэнуць

Некаторыя каментатары ў сацсетках скептычна ставяцца да курсаў ад “Тотального опіру”. Маўляў, марнаванне часу. Калі будуць бамбіць авіяцыяй і раўняць гарады РСЗА ды “Іскандэрамі”, то навошта ўся гэта мітусня з тактыкай і медыцынай. Ці маюць рацыю скептыкі?

— Мы не ведаем, як будуць адбывацца баявыя дзеянні, — адказвае Ян Мельнікаў. — Можа, будзе паўнавартасная вайна з “Іскандэрамі” і авіяцыяй. Можа, новая гібрыдная з наземным наступам без выкарыстання цяжкай артылерыі. Трэба разумець, што самалётам можна даляцець да Кіева за паўгадзіны. Але што з таго? Каб захапіць Кіеў, патрэбны пяхотныя часці.

Батальённа-тактычная група — гэта асноўная групоўка, якая вядзе наступ і захоплівае тэрыторыі. Супраць яе, як паказвае досвед, можна эфектыўна дзейнічаць малымі групамі, асабліва ў горадзе. Пасля “Іскандэраў” пойдзе пяхота, і ў гарадской мясцовасці яе сустрэнуць з супрацьтанкавай зброяй і “Стынгерамі” супраць верталётаў, якія з’яўляюцца асноўным сродкам прыкрыцця наступу пехотных груп.

Зразумела, што на полі бою цывільныя неэфектыўныя, ды ім там і няма чаго рабіць. Адкрытым фронтам сёння будзе цяжка ваяваць нават узброеным сілам. Таму вайна цывільных — гэта іншы тып вядзення баявых дзеянняў.
 

Людзі кажуць “дзякуй”

У Беларусі на праўладныя мерапрыемствы часта для масавасці зганяюць бюджэтнікаў. Можа, і ва Украіне на заняткі ад валанцёраў пад прымусам прыводзяць людзей — напрыклад, за дадатковы выходны. Адкуль наведвальнасць у курсаў “Тотального опіру”? Не кожнаму ж будзе цікава глядзець шэсць гадзін на зброю і запамінаць пра нейкія там тактычныя перасоўванні і хуткую дапамогу.

— У нас недзяржаўная арганізацыя, гэта валанцёрскі праект, — тлумачыць Ян. — Ніхто з інструктараў не атрымлівае за гэта грошы. Асабіста я раблю гэта зыходзячы са сваіх ідэйных перакананняў. Людзі, якія прыходзяць, — гэта збольшага тыя, хто ахвяруе грошы на тое, каб гэты ды іншыя праекты існавалі.

Не горш, чым у “Альфе”: як беларусы рыхтуюць украінцаў знішчаць ворага
Яшчэ адна ініцыятыва, якая працуе з цывільнымі, — “Спецпідрозділ МВС “СХІД” / instagram.com/skhid.police

Як насельніцтва ўспрымае ініцыятыву “Тотального опіру”? Ці ўсе станоўча ставяцца да заняткаў?

— Безумоўна, ёсць ва Украіне і сёння так званыя “ватнікі” — тыя, хто жыве ідэямі рускага свету. Яны на гэтыя заняткі не прыходзяць. Ёсць тыя, хто ставіцца адмоўна. Але пакуль усё, што я чуў ад людзей, якія да нас прыходзяць, гэта “вялікі вам дзякуй”, “дзякуй, што вы ёсць”, “шкада, што я раней гэтаму не навучаўся/не навучалася”, — падсумоўвае Ян Мельнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі