Не маем права маўчаць: пад зваротам настаўнікаў падпісалася больш за 700 чалавек
Настаўнікі — удзельнікі відэазвароту / Скрыншот
Настаўнікі выказаліся супраць хлусні, гвалту і беззаконня. У здымках відэазвароту ўдзельнічала каля 30 выкладчыкаў, але сваю падтрымку выказала каля 740. Іх прозвішчы бягуць тытрамі ў канцы роліка.
Асноўны пасыл звароту — настаўнікі не маюць права маўчаць.
"У краіне, дзе невядомыя ў балаклавах чыняць беззаконне, дзе хлусня гучыць з вуснаў высокапастаўленых чыноўнікаў і з экранаў тэлевізараў, дзе мірныя пратэсты ператвараюцца ў жорсткія затрыманні і разгоны, дзе годных людзей звальняюць з працы толькі за іх погляды і перакананні, (...) дзе ўлада не хоча чуць свой народ, ігнаруе ягоныя правы і патрабаванні, настаўнікі не могуць маўчаць", — гаворыцца ў звароце.
Запісаць зварот прыдумалі ў ініцыятыве "Сумленныя настаўнікі Беларусі". Большасць удзельнікаў роліка — настаўнікі з дзяржаўных школ.
Запіс ледзь не быў сарваны. Аднаго з педагогаў затрымалі на акцыі пратэсту. У яе на тэлефоне была інфармацыя аб месцы сустрэчы ўдзельнікаў здымкі. Для канспірацыі настаўнікі першапачаткова планавалі сабрацца не на студыі, а ва ўмоўленым месцы. Там іх чакала міліцыя.
"Настаўнікі патлумачылі ім, што не збіраюцца мітынгаваць, а сабраліся разам, каб абмеркаваць праблемы, якія існуюць у адукацыі. Але нас усё роўна суправаджалі да месца здымак", — расказвае адзін з адміністратараў "Сумленных настаўнікаў" Наталля Фурсава.
У студыю супрацоўнікі міліцыі заходзіць не рызыкнулі. Запіс адбыўся.
Раней падобны зварот запісалі настаўнікі мінскай гімназіі №50. А адміністрацыя ўстановы потым заявіла, што "меркаванне большасці педагогаў" іншае, і што "дзяржавай створаныя ўсе ўмовы для выхавання і навучання дзяцей і моладзі, плённай працы настаўнікаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.