"Не правакуйце іх памежнікаў": у Літве пачалі будаваць агароджу на мяжы з РБ
Будаўніцтва агароджы на мяжы з Беларуссю / Delfi.lt
Будаўніцтва агароджы на літоўска-беларускай мяжы ў раёне горада Друскінінкай пачалося ў пятніцу, паведамляе Delfi.lt.
Падрыхтоўчыя працы прайшлі ў канцы верасня. Першы этап будаўніцтва пачаўся з ўстаноўкі піраміды са спіральным калючым дротам. Гэтую працу выконваюць 20 чалавек. У другой палове кастрычніка колькасць працоўных вырасце ў 5 разоў. Ахоўны бар'ер ужо ўзведзены на ўчастку даўжынёй 40 кіламетраў.
На беларускім баку за пачаткам прац назіраюць узброеныя памежнікі. Літоўскія інструктары патлумачылі працўным, каб яны ніякімі дзеяннямі або словамі не правакавалі памежную службу суседняй краіны.
Першы этап будаўніцтва 100-кіламетровага плота павінен скончыцца ў красавіку 2022 года, другі разлічаны да канца новага года.
Кошт праекта ацэньваецца ў 152 мільёны еўра. Літоўскі бок закупляе дрот у Польшчы. У будучыні пастаўкі чакаюцца з Нідэрландаў. Закупляць будаўнічыя матэрыялы ў трэціх краінах забаронена, таму пры пабудове агароджы не будзе выкарыстаны цэмент з Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.