Недасуджаныя: як працэсы над праціўнікамі інтэграцыі перанеслі на студзень

Недасуджаныя: як працэсы над праціўнікамі інтэграцыі перанеслі на студзень

30 снежня ў трох мінскіх судах судзяць удзельнікаў акцыі супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй. Іх вінавацяць у парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах.

Акцыі, за якія судзяць людзей, прайшлі яшчэ 7 і 8 снежня. Тады нікога з актывістаў не затрымлівалі. Але пасля іх сталі запрашаць у міліцыю і складаць пратаколы. Неўзабаве запрацаваў судовы канвеер. 

Аднак ніводнага судовага рашэння 30 снежня не прагучала. Суддзі ўвесь час пераносяць пасяджэнні: у адных выпадках бракуе асоб, супраць якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, у другіх адсутнічаюць сведкі-міліцыянеры, у трэціх — і тыя, і другія. 

У судзе Ленінскага раёна вяліся працэсы супраць пісьменніка Уладзіміра Арлова, паэта і палітыка Уладзіміра Някляева, актывістаў Наталлі Ладуцька, Барыса Дуброўскага, Барыса Анікеева, Дзмітрыя Казлова, Віктара Кавалькова. Апошні — гэта айцец Вікенцій, той самы святар, якога часта можна бачыць на акцыях. Усе працэсы былі перанесеныя на 9 і 10 снежня з-за адсутнасці сведак ці абвінавачваных.

Разгляд кожнай справы займае 10-15 хвілін — менавіта столькі трэба суддзі, каб прыняць рашэнне аб пераносе пасяджэння.

“Хутчэй за ўсё, яны атрымалі загад. Не ведаю, мы можам толькі здагадвацца, якія намеры імі кіруюць. Магчыма, гэта звязана з тым, што з 1 студзеня павышаецца базавая велічыня (праўда, усяго на паўтара рубля). Няўжо яны так пабіраюцца, каб трошкі больш на штрафах атрымаць у бюджэт?” — разважае Наталля Ладуцька.

Жанчына 7 снежня прымала ўдзел у “жывым ланцугу”, аднак сваёй віны ў парушэнні заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў яна не прызнае. 

“Мне не патрэбна рашэнне выканкама, бо Канстытуцыя [права на мірныя сходы. — Еўрарадыё] вышэй за яго. І нават калі б выканкам такое рашэнне забараніў, то ён бы не меў права гэта рабіць, бо гэта злачынства. Мы абавязаны абараняць свой суверэнітэт”, — кажа Ладуцька. 

Адметна, што некалькі спраў праціўнікаў інтэграцыі разглядаліся адначасова. Напрыклад, працэсы супраць Арлова, Ладуцькі і Дуброўскага пачаліся ў 12:30. Людзям, якія прыйшлі падтрымаць іх, і журналістам літаральна прыйшлося бегаць з адной залы ў другую, каб даведвацца, як праходзяць працэсы.    

Падобная сітуацыя сёння адбылася і ў судзе Цэнтральнага раёна. Туды былі выкліканыя Максім Урбановіч (ён адбывае 15 сутак арышту), Андрэй Шарэнда, Юрый Татур, Пётр Садоўскі, Андрэй Хранкоў, Алена Янушкоўская, Мікалай Казлоў. З-за адсутнасці сведак ці абвінавачваных у іх справах абвешчаныя перапынкі да 31 снежня і 9 студзеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі