Nevma "12"
Цалкам рускамоўны альбом пераможцаў “Басовішча-2006”, выдадзены пасля чатырпохгадовай паўзы.
У параўнанні з дэбютнікам “Стихия слёз” (2009), другі альбом магілёўскіх альт-рокераў Nevma уражвае магутнасцю, тлустасцю і мясістасцю амаль па ўсіх параметрах. Дасканалая прадуманасць аранжыровак ды меладычнасць трэкаў сведчаць пра сур’ёзны прафесійны рост музыкаў. Вось толькі поўнае знікненне беларускай мовы крыху абурае. Бо, падаецца, менавіта моўнае пытанне часам робіць Nevma шараговым гуртом у абранай стылістыцы. Адсюль жа вырастаюць і пэўныя паралелі з “Би-2” ды вакальныя інтанацыі Аляксандра Васільева (“Сплин”).
Экспрэсіўнасць выканання, а таксама не пусты, збольшага не штампаваны змет тэкстаў падкупаюць. Моцныя, тужлівыя, на мяжы зрыва вакальныя партыі літаральна прымушаюць перажываць песні разам з музыкамі. Вось праўда, наігранасць уступнага трэка альбома “12”, дзе дэкламуецца тэматычны верш, пакідае сумнеў у шчырасці перадаваемых эмоцый і на іншых нумарах.
Адзін з яскравейшых трэкаў альбома “Печаль” абсалютна неспадзявана выклікае паралелі з беларускім жа гуртом Re1ikt. Прычым, не дапамагае пазбавіцца ад гэтага параўнання нават шматразовае праслухоўванне і разуменне, што ў на іншых нумарах гэтыя гурты ніяк не перакрыжоўваюцца.
Дыск “12” атрымаўся вельмі роўным і цэласным: без відавочных хітоў ды правалаў. Хіба, трэкі “Сколько можно” і “На все четыре” — цяжэйшыя па гучанні і слабейшыя ідэйна, а таму выпадаюць з агульнай атмасферы альбома і нават крыху разбіваюць яе.
Гурт Nevma сапраўды здзівіў і парадаваў. Планка ўзляцела вельмі моцна, засталося трымацца на ўзроўні. Перакананы, што адточаны, прадуманы, ледзь не вылізаны запіс альбома “12” прыдзецца даспадомы любому аматару добрага року. Ну, і каб замацаваць уражанні, хацелася б нарэшце ўбачыць здольнасці пасталеўшага калектыву і на сцэне!
Трэк-ліст:
- 12
- Отстой
- Сколько можно
- Печаль
- Иллюзия
- Весны
- Неба нет
- За горизонт
- На все четыре
- Передоз (Восточная)
- Невозможно иначе (Дыши)
- Оствьте нас
- Невма
Музыка і словы – Nevma
Склад гурта:
- Ігар Давыдаў – бас
- Данііл Забела – вакал
- Андрэй Гарбаценка – гітара
- Павел Емяльянаў – бубны
- Запіс бубнаў — Дзяніс Манёнак на студыі "Арзамас-16"
- Запіс усяго астатняга — Ігар Давыдаў на студыі Nevma Records
- Звядзенне і майстарынг — Ігарь Давыдаў на студыі Nevma Records