Ніхто з датычных да акцыі з экранамі не знаходзіцца ў Беларусі — BELPOL
Экран мінскага метро падчас акцыі BELPOL
Людзі, датычныя да акцыі з трансляцыяй выступу Святланы Ціханоўскай, не знаходзяцца ў Беларусі. Пра гэта прадстаўнік арганізацыі экс-сілавікоў BELPOL Уладзімір Жыгар расказаў у інтэрв'ю сайту "Зеркало".
"Затрыманыя супрацоўнікі кампаніі "Легіён-104" да ўзлому экранаў ніякага дачынення не маюць. Ніхто з датычных да правядзення акцыі не знаходзіцца ў Беларусі. Што ўласна і пацвярджаецца, бо людзей затрымалі нібыта проста за пратэсты", — заяўляе Жыгар.
Як распавядала Еўрарадыё, антываенны зварот Ціханоўскай з'явіўся на публічных экранах у метро і гандлёвых цэнтрах 24 лютага. На наступны дзень сілавікі паведамілі пра затрыманне супрацоўнікаў кампаніі, якая абслугоўвае гэтыя экраны.
Жыгар мяркуе, што работнікаў затрымалі толькі для таго, каб даць справаздачу кіраўніцтву пра паспяховае раскрыццё справы. "Сілавыя органы баяцца пакарання. Праз страх перад сваім начальствам яны сістэматычна "навязваюць" яму дэзінфармацыю пра злоўленых "экстрэмістаў", толькі каб абараніць сябе", — тлумачыць ён.
Паводле Жыгара, зварот Ціханоўскай 24 лютага паказалі на больш як на 2000 рэкламных экранаў па ўсёй Беларусі. У сярэднім паказ працягваўся каля дзвюх гадзін, пакуль адміністратарам не ўдалося выключыць трансляцыю.
Прадстаўнік BELPOL лічыць акцыю паспяховай, нягледзячы на затрыманні недатычных людзей. Па яго словах, гэтае відэа натхніла многіх людзей, бо яны пабачылі, што барацьба працягваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.