Затрымалі работнікаў фірмы па абслугоўванні экранаў, дзе быў зварот Ціханоўскай
Затрыманні за трансляцыю выступу Ціханоўскай
Сілавікі затрымалі супрацоўнікаў кампаніі "Легіён-104". Відэа з імі з'явілася ў праўладным тг-канале.
"Легіён-104" адказвае за трансляцыю медыякантэнту і рэкламы на інтэрактыўных экранах ды іх абслугоўванне. Затрыманне работнікаў фірмы звязанае з трансляцыяй выступу Святланы Ціханоўскай, якая адбылася 24 лютага.
Сілавікі паказалі затрыманых — гэта намеснік дырэктара па вытворчых пытаннях, менеджарка па продажах, інжынер-сістэматэхнік і спецыяліст па продажах. Усе яны на відэа кажуць, што прымалі ўдзел у маршах пратэсту ў 2020 годзе і за гэта іх затрымалі.
Самі сілавікі намякаюць, што затрыманне адбылося з іншай прычыны — маўляў, гэтыя людзі "чакалі зручнага часу", але "зручным момантам цалкам скарыстацца не атрымалася". Можна меркаваць, што гаворка ідзе пра трансляцыю антываеннага звароту Ціханоўскай 24 лютага на экранах метро і гандлёвых цэнтраў па ўсёй краіне, якую правяла арганізацыя былых сілавікоў BELPOL.
Невядома, у чым менавіта вінавацяць затрыманых. Аднак аўтары відэароліка пагражаюць, што "выключылі экстрэмізм на доўгі час".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.