Новая Зеландыя забароніць падлеткам курыць. Назаўжды
Тым, хто нарадзіўся пасля 2008 года, больш ніколі не будуць прадаваць цыгарэты / pixabay
Новая Зеландыя рэалізуе нетрывіяльны спосаб барацьбы з курэннем. З наступнага года ў краіне ўвядуць практычна поўную забарону на тытунь. "Практычна поўная" значыць, што любы чалавек, які нарадзіўся пасля 2008 года, ужо ніколі не зможа купіць цыгарэты ці іншыя тытунёвыя вырабы, піша ВВС.
Парламентарыі ўхвалілі адпаведны закон сёння, 12 снежня. Міністр аховы здароўя Аеша Верол, якая прадстаўляла законапраект у парламенце, лічыць гэта крокам "да бяздымнай будучыні".
"Тысячы людзей пражывуць даўжэйшае і здаравейшае жыццё", — кажа міністр. І падкрэслівае ў тым ліку фінансавую выгаду: такім чынам можна будзе зэканоміць больш за 3 млн даляраў — толькі дзякуючы таму, што не давядзецца лячыць выкліканыя курэннем хваробы.
Папулярнасць курэння ў Новай Зеландыі і цяпер невысокая. Паводле статыстыкі, пададзенай урадам, штодня курыць толькі 8% дарослага насельніцтва.
Крытыкі законапраекта мяркуюць, што такія радыкальныя меры могуць спрыяць арганізацыі чорнага рынку тытунёвых вырабаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.