Новікаў: Людзі за замарожванне цэнаў на бензін, бо гэта супраць рэжыму
Старшыня “Беларускай партыі "Зялёныя" Алег Новікаў занепакоены "некрытычным успрыманнем ў грамадстве кампаніі "Стоп-бензін".
“Беларуская партыя "Зялёныя" ў сваёй заяве патрабуе павысіць кошт на бензін удвая. Нагодай сталі акцыі "Стоп-бензін", накіраваныя супраць павышэння коштаў на паліва. "Зялёныя" мяркуюць, што з-за нізкіх коштаў узрасце спажыванне бензіну. А гэта, у сваю чаргу, пагоршыць экалагічную сітуацыю.
Еўрарадыё: Што азначае гэтае "партыйнае пасланне"?
Новікаў: “Азначае нашую думку, нашую пазіцыю, што тычыцца апошніх працэсаў у рамках кампаніі “Стоп-бензін”. На нашую думку, яна цалкам пазбаўлена экалагічнага складніка, бо ніхто не пралічвае экалагічныя наступствы пры рэалізацыі галоўнай ідэі — замарожвання коштаў на бензін”.
Еўрарадыё: А ў чым гэтыя наступствы?
Новікаў: “Захаванне старых коштаў будзе значыць захаванне аб’ему ўжывання [паліва], якія былі, што ва ўмовах пагрозы змены клімату — гэта нішто іншае як спажывецкая логіка, абсалютна прымітыўная, якая ставіць пад пагрозу будучыя генерацыі. Другі фактар, хочам мы гэтага ці не, нафты становіцца менш і гэта заканамернасць рынкавая — чым менш тавару, тым больш ён каштуе”.
Еўрарадыё: На якую рэакцыю вы спадзяецеся?
Новікаў: “Мы спадзяемся, што будзе дыскусія ў грамадстве, каб грамадства ўлічвала праблемы экалогіі. Калі прапануецца ідэя замарожвання цэнаў на бензін, пры гэтым не ўлічваюцца экалагічныя наступствы гэтага рашэння, а грамадства гэта ўспрымае “на ўра” толькі таму, што гэта супраць рэжыму, нам здаецца, што гэта дзіўная філасофія, дзіўная сітуацыя”.
Еўрарадыё: У вашай рэзалюцыі напісана: “Беларускі ўрад у сваю чаргу не павінны заставацца пасіўным назіральнікам, а рашуча садзейнічаць ламанню архаічнай свядомасці аўтааматараў шляхам неадкладнага павышэння цаны на бензін. Як мінімум у два разы”. Які будзе вынік падвышэння гэтых коштаў?
Новікаў: “Спажывання будзе менш. Але мы не збіраемся павышаць зараз кошты, гэта адна з правакацыйных формаў прыцягнення ўвагі грамадства да экалагічнай дыскусіі”.