Новы генеральны сакратар NATO пракаментаваў жаданне Украіны біць углыб Расіі
Марк Рутэ
Украіна мае права абараняцца, і гэтае права не заканчваецца на яе мяжы, заявіў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ ў адказ на пытанне пра жаданне Кіева наносіць удары ўглыб Расіі. Пра гэта яго спыталі на прэс-канферэнцыі 1 кастрычніка, расказвае Hromadske.
Пры гэтым Рутэ заявіў, што як кіраўнік NATO ён не гатовы даваць санкцыю на такое выкарыстанне заходняй зброі. З гэтым пытаннем, адзначыў ён, варта звяртацца "не да яго, а да асобных чальцоў Альянсу".
"Кожны чалец Альянсу павінен [самастойна] вызначыць сваю падтрымку Украіне", — заявіў ён. Рутэ нагадаў, што Злучаныя Штаты, якія пакуль не даюць дазволу на дальнабойныя ўдары, "выдаткавалі дзясяткі мільярдаў долараў", каб падтрымаць Украіну. І без гэтай дапамогі "Украіна, імаверна, не існавала б сёння як дзяржава", — адзначыў новы генеральны сакратар NATO.
Hromadske нагадвае, што, паводле ацэнкі ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, дазвол на дальнабойныя ўдары могуць даць чатыры дзяржавы: ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і Германія. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн раней заяўляў, што пытанне такога дазволу цяпер на стадыі прапрацоўкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.