Новым міністрам культуры стаў Анатоль Маркевіч
Анатоль Маркевіч стаў новым міністрам культуры, паведамляе ТГ-канал "Пул Першага".
Маркевіч нарадзіўся ў 1971 годзе ў Шчучынскім раёне Гродзеншчыны. У 1994-м скончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, у 2006-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі, дырэктарам школаў у розных раёнах Гродзеншчыны. У 2002-м стаў намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама. У 2010-2011 гадах узначальваў Карэліцкі райсавет, у 2011-2019-м працаваў старшынёй Навагрудскага райвыканкама.
Апошнім часам быў памочнікам прэзідэнта — інспектарам па Брэсцкай вобласці.
Як бачым, у сферы культуры новы міністр дагэтуль не працаваў ні дня.
На пасадзе міністра культуры Маркевіч змяніў Юрыя Бондара, які ўзначальваў ведамства каля трох гадоў. У 2017-м прызначаючы Бондара на гэтую пасаду, Лукашэнка казаў, што з творчымі людзьмі заўсёды няпроста. Таму ён ставіў перад Бондарам задачу зрабіць так, каб "кожны займаўся сваёй справай, а не хадзіў і плакаўся, як яму цяжка, ці скардзіўся на калегу".
Пасля выбараў Бондар не здолеў захаваць Купалаўскі тэатр. Пераважная большасць акцёраў і супрацоўнікаў звольніліся на знак пратэсту супраць падзеяў у краіне. У выніку на сцэне Купалаўскага гэтай восенню выступалі аркестр Фінберга і ансамбль "Харошкі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.