Новым прэм'ерам Грузіі стаў кіраўнік МУС — супраць яго ўсё лета ішлі пратэсты
Адстаўкай прэм'ера і зменай урада ў Грузіі скончылася самае гарачае за апошнія гады палітычнае лета.
"Новыя" людзі ва ўрадзе
Былы міністр унутраных спраў Георгій Гахарыя, адстаўкі якога ўсё лета дамагаліся пратэстоўцы ў Тбілісі, узначаліць грузінскі ўрад. Такое рашэнне прыняў палітсавет кіруючай кааліцыі "Грузінская мара": яе стварыў і да гэтага часу ўзначальвае мільярдэр Бідзіна Іванішвілі. Алігарха лічаць нефармальным правіцелем Грузіі. Ды ён і сам не асабліва хавае, што асабіста ўхваляе ўсе ключавыя прызначэнні ў краіне.
Нагодай патрабаваць адстаўкі Гахарыя стаў жорсткі разгон дэманстрацыі ноччу 21 чэрвеня ў Тбілісі: тады пацярпелі каля 200 чалавек, двое страцілі вока. Сам былы кіраўнік МУС настойвае на тым, што паліцыя дзейнічала легітымна і "прадухіліла дзяржаўны пераварот".
Нягледзячы на тое, што акцыі з патрабаваннем адстаўкі кіраўніка МУС збіралі дзясяткі тысяч чалавек, улады праявілі нязломную волю, і Гахарыя не толькі застаўся на сваёй пасадзе, але і дамогся павышэння.
Іншыя ўмоўна новыя асобы ў грузінскім урадзе — гэта Вахтанг Гамелауры, які стане кіраўніком МУС, і Іраклій Гарыбашвілі — ён узначаліць міністэрства абароны. Абодва чыноўнікі ўжо ўваходзілі ў склад урада, Гарыбашвілі нават быў прэм'ер-міністрам.
Новыя пратэсты ў Тбілісі
Як толькі ўлады абвясцілі кандыдата на прэм'ерскую пасаду, сабралася спантанная акцыя пратэсту перад офісам "Грузінскай мары", а пазней актывісты перамясціліся да будынка парламента, у якім сёння парламентарыям трэба было зацвердзіць кандыдатуру Гахарыя.
Свой пратэст выказалі і апазіцыйныя дэпутаты. Прадстаўнікі апазіцыйных партый "Адзіны нацыянальны рух" і "Еўрапейская Грузія" свісталі ў знак пратэсту і не далі дазвол на сесію да таго часу, пакуль іх не вывелі з залы пасяджэнняў.
Што трэба ведаць пра Гахарыя
Кандыдата ў прэм'еры лічаць фаварытам ценявога кіраўніка Грузіі Бідзіны Іванішвілі. Паколькі сёння Гахарыя — адзін з самых непапулярных палітыкаў у Грузіі, яго прызначэнне на такі высокі пост многія назіральнікі расцэньваюць як гатоўнасць уладаў да канфрантацыі з грамадствам. Гіга Бакерыя, дэпутат ад апазіцыйнай партыі "Еўрапейская Грузія", назваў вылучэнне Гахарыя "вайной, якую абвясціў Грузіі алігарх Іванішвілі".
Георгій Гахарыя ўзначальваў МУС з 2017 года. Перад гэтым прызначэннем у грузінскіх медыя ўздымалася пытанне аб расійскім грамадзянстве Гахарыя, ад якога ён адмовіўся ў 2016 годзе. Гахарыя скончыў у Маскве ўніверсітэт і даволі доўга займаўся прыватным бізнесам у Расіі.
Папярэдні прэм'ер
Кадравых перастановак у грузінскім урадзе чакалі ўжо некалькі дзён. 2 верасня пайшоў у адстаўку прэм'ер-міністр Мамука Бахтадзэ. Журналісты пра гэта даведаліся з сацсетак: Бахтадзэ прысвяціў свайму звальненню шырокі пост у "Фэйсбуку", падрабязна спыніўшыся на дасягненнях за год, на працягу якога ён займаў пасаду.
"Я лічу сваю місію на дадзеным этапе выкананай", — напісаў Бахтадзэ.
Тэкст, апублікаваны прэм'ерам, выклікаў кпіны за шматслоўнасць (амаль 4 тысячы слоў) і поўную адсутнасць самакрытыкі — бо Бахтадзэ сыходзіць на фоне палітычнага крызісу і агульнай нестабільнасці ў Грузіі.
Аналітыкі адзначаюць, што і Бахтадзэ, і яго папярэднікі, прызначаныя пры кіраванні "Грузінскай мары", пакідаюць свой пост у разгар крызісу. Палітолаг Ніка Чытадзэ, які адказаў на пытанні "Кавказского узла", растлумачыў гэта так:
"Іванішвілі [мільярдэр, нефармальны правіцель] заўсёды шукае "казла адпушчэння". Ён хоча паказаць, што кожны новы прэм'ер не апраўдаў "высокага даверу" і павінен сысці", — мяркуе Чытадзэ.
У Грузіі летам рэкордна ўпала мясцовая валюта, цяпер курс вагаецца ў межах трох лары за адзін долар.
Яшчэ адна важная праблема — абвінавачанні ўладаў у нападзе на свабодныя медыя. Па рашэнні міжнароднага суда змяніў уладальнікаў вядучы апазіцыйны тэлеканал "Руставі-2", самы папулярны ў Грузіі. Шмат хто ў грамадстве лічыць, што канал апынуўся ў руках уладаў.
Але галоўнае — усё лета не спыняліся акцыі пратэсту з патрабаваннем адстаўкі ключавых урадавых фігур, улады гэтыя патрабаванні праігнаравалі.
Дзіяна Петрыяшвілі, Медиасеть
Па матэрыялах JAMnews і "Кавказского узла".