Новыя падрабязнасці забойства ў стаўбцоўскай школе: не толькі нож, але і малаток
Завершанае расследаванне двайнога забойства ў стаўбцоўскай СШ № 2 у лютым 2019 года, інфармуе прэс-служба Следчага камітэта. Дзесяцікласнік нанёс удары нажом настаўніцы гісторыі і вучню 11-га класа, яны памерлі на месцы здарэння. Раненні атрымалі некалькі школьнікаў.
Адзначаецца, што яшчэ да нападу ў класе на настаўніцу абвінавачаны, які "кіраваўся хуліганскімі матывамі", ударыў малатком свайго аднакласніка. Нападам на педагога (яна атрымала не менш за два ўдары нажом), па версіі СК, хлопец дэманстраваў сваю ўяўную "перавагу і выключнасць ў адносінах да навакольных". Пасля ён нанёс два нажавыя раненні двум аднакласнікам, якія яго спрабавалі спыніць. На 11-класніка ён напаў у іншым класе.
У калідоры зламыснік пагражаў нажом настаўніку біялогіі і намесніку дырэктара, а пасля яшчэ і аднакласніцы, якой падрапаў нажом шыю. Далей ён вырашыў уцячы з будынка навучальнай установы.
Комплексная стацыянарная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза засведчыла, што дзесяцікласнік мог цалкам усведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Былі знойдзены малаток, нож і піратэхнічныя вырабы, з якімі ён прыйшоў у школу.
Школьніка абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: забойства двух асоб з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў, замах на забойства двух асоб з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў і асабліва злоснае хуліганства. Сваю віну ён прызнаў толькі часткова. Крымінальную справу перадалі пракурору для накіравання ў суд.