Новыя рэміксы ад Shuma: бабуліны песні цяпер і пад драм-н-бэйс (слухаць)
Паваражыць над абрадавымі беларускімі спевамі вызваліся два новыя дыджэі-прадусары і адзін стары. Слухайце ў толькі што выдадзеным EP.
У новым міні-альбоме з чатырох рэміксаў эксперыментальны беларускі гурт Shuma зноў нагадвае, наколькі арганічна гучыць беларуская архаіка ў сучасным кантэксце. У выпадку “Шумы” — у кантэксце электроннай музыкі.
“Так, з аднаго боку, мы расказваем пра беларускую традыцыю, — нагадвае Еўрарадыё пра звышмэту “Шумы” яе лідарка Руся. — Але з другога боку, мы расказваем, што адбываецца ў свеце электроннай музыкі. І самыя цікавыя фішачкі, якія нам пасуюць, мы з любоўю і радасцю далучаем да сваіх трэкаў”.
Гэтым разам галасы “Шумы” загучалі пад драм-н-бэйс, хэві-ўэйт мукон, дабсферык і... “Рэмікс на песню “На моры вутка купалася”, які зрабіў Nick Cherny, мы да гэтага часу не ведаем, якім стылем назваць”, — прызнаецца Руся.
Як “Шума” знаходзіць смельчакоў, гатовых на новыя стасункі з народнымі спевамі? Усё проста — беларусы прагнуць такіх эксперыментаў і знаходзяцца самі.
“Музыка Dee Flack, які жыве ў Жодзіна, раптоўна даслаў нам трэк са словамі, што яму вельмі спадабаліся нашы галасы. Ён задаволены, што нешта такое ёсць на беларускай мове, — распавядае Руся. — Мы паслухалі гэты рэмікс [на песню "Ды гула пчолка"] і адразу афігелі.”
Два другія калабаранты — вышэй згаданы Nick Cherny, які адгукнуўся на інтэрнэт-пошукі музыкаў для жывога выступлення “Шумы” на фэсце Джаз-Кактэбель. Alex Goof увогуле закахаўся ў галасы “Шумы” на адным з канцэртаў і ўжо другі раз робіць з беларускіх архаічных песень мукон-трэкі, дзе выкарыстоўваюцца толькі пэўныя гукі з вакальных партый.
Насамрэч, выдадзеныя рэміксы — гэта своеасаблівае шумаўскае прабачэнне за змену планаў: калісьці музыкі паабяцалі, што выдадуць EP “Дзіва” з новымі песнямі, але пасля ўзброіліся рэаліямі шоў-бізу і вырашылі не разменьвацца на бясплатныя EP і працаваць над цэлым альбомам.
“Каб нас як мага хутчэй прабачылі, мы вырашылі выдаць бясплатны EP рэміксаў, каб неяк падтрымаць нашых прыхільнікаў падчас музычнага голаду”, — дадае Руся і жадае ўсім прыемнага праслухоўвання.