Някляеў: Еўрасаюз не мяняе сваёй палітыкі наконт Беларусі

Уладзімір Някляеў, Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч і Ірына Вештард сустрэліся з кіраўніком польскай дыпламатыі Радаславам Сікорскім і яго намесніцай Катажынай Пелчынскай-Налэнч.



Падчас сустрэчы абмяркоўвалася перспектыва развіцця праграмы Усходняга партнёрства. Падымалася пытанне, у якім фармаце Беларусь можа быць прадстаўлена на бліжэйшым саміце Усходняга партнёрства ў Вільні.



Уладзімір Някляеў расказаў Еўрарадыё, што хаця Беларусь застаецца аўтсайдэрам праграмы Усходняга партнёрства, тым не менш Еўропа спадзяецца на супрацоўніцтва з усёй шасцёркай краін-чальцоў праграмы.



Някляеў: "Я б ацаніў вынікі гэтай сустрэчы стрымана, але дадатна. Стрымана — бо ніхто нам не абяцаў кардынальных змяненняў у адносінах Еўрасаюза і Беларусі. У тым сэнсе, каб Еўрасаюз рыхтаваў нейкія нечаканыя крокі... А дадатна — бо мы зноў пачулі абсалютна зразумелае выказванне спадара міністра: сваіх актыўных дзеяннях у адносінах да Беларусі, у працэсе дэмакратызацыі Беларусі і далучэння да Еўрапейскага Саюза ні Еўрасаюз, ні Польшча не збіраюцца перапыняць".



Па словах Някляева, польскі міністр пацікавіўся, ці гатовая беларуская апазіцыя аб'яднацца на выбарах 2015 года. Палітыкі з кааліцыі "Народны Рэферэндум" запэўнілі, што ў межах іх кааліцыі няма чаго дзяліць і яны не бачаць перашкодаў для вылучэння адзінага кандыдата.



10 верасня ў беларускіх апазіцыянераў запланаваная сустрэча з замежнымі журналістамі, якія пішуць на тэму Беларусі. Сустрэчу ладзіць Прэс-клуб Беларусь і Інфармацыйнае Бюро Салідарнасці з Беларуссю.



Фота — msz.gov.pl
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі