Някляеў: Мы раскажам пра катаванні на канкрэтных прыкладах
Уладзімір Някляеў звяртаецца ў ААН і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
Ён просіць падтрымаць дзейнасць беларускіх праваабарончых арганізацый і незалежных СМІ, даць ацэнку сітуацыі ў Беларусі і ўключыцца ў міжнароднае назіранне за сітуацый з палітвязнямі ў краіне.
Еўрарадыё: Што гэта будзе за зварот?
Някляеў: "Мы хочам сабраць усе факты, якія мы можам пра тое, што адбываецца ў турмах, уключна з катаваннямі. Каб не проста голы там SOS паслаць ва ўвесь свет, а на падставе нейкіх дадзеных, канкрэтных фактаў прасіць сусветную грамадзянскую супольнасць зразумець нас і дапамагчы".
Еўрарадыё: Міхалевіч неаднаразова праз СМІ замежныя, перад еўрадэпутатамі ў Бруселі заяўляў пра катаванні. Аднаму Міхалевічу не давяраюць, трэба больш сведчанняў, каб дакладчык па правах чалавека прыехаў да нас?
Някляеў: "Ёсць нейкія юрыдычныя моманты — калі мяне не запрашаюць, дык чаму я паеду? Каб ён прыехаў, трэба запрасіць, нехта павінен звярнуцца і выкласці дакладна тое, што гэтаму дакладчыку рабіць, прыехаўшы. Міхалевіч шмат выступаў, шмат хто чуў, але каму за гэта адказваць і хто гэтым змушаны зацікавіцца, каб практычныя нейкія крокі зрабіць?! Мы вырашылі зрабіць гэты практычны крок, каб нам адказалі, калі яны збіраюцца зрабіць нейкія рэальныя крокі".
Еўрарадыё: Ці ёсць праблема са зборам канкрэтных прыкладаў катавання? Можа людзі баяцца распавядаць?
Някляеў: "Ёсць розныя людзі, ёсць розныя прыклады – нехта хоча распавядаць, нехта не. Я па сабе ведаю, калі я выйшаў з "амерыканкі", і дазнаўся тое, што гэта называецца катаваннем, тыя працэдуры, якія прымяняліся ў адносінах да мяне, я сам троху здзівіўся, бо іншага я і не чакаў – класічная савецкая турма, гэта класіка. Таму гэта стрэс ва ўсіх турмах, людзі розныя – нехта баіцца, нехта кажа, што ён яшчэ падумае, а ёсць людзі, якія гэта сведчаць".
Еўрарадыё: Калі дакладчык па правах чалавека, чалавек, які займаецца расследваннем катавання, прыедуць у Беларусь, ці дапусцяць іх туды, куды трэба?
Някляеў: "Ёсць міжнародныя пагадненні. Будуць сур'ёзныя парушэнні, калі яны прыедуць і іх не дапусцяць і яны вернуцца з ні з чым. Узнікне пытанне — а чаму? Калі на афіцыйным міжнародным узроўні будзе пастаўлена праблема і яна стане неяк вырашацца, то, ва ўсялякім выпадку, так проста не адгаворышся, кажучы, што іх там не б'юць, а гладзяць, а вы пакажыце — як гладзяць".