Някляеў “вызвалены” перш за ўсё паедзе ў Крэва

Тэрмін адбыцця пакарання за Плошчу скончыўся ва Уладзіміра Някляева яшчэ два дні таму, але суддзі… позна гэта заўважылі. І таму судовае пасяджэння па справе палітыка правялі без яго. Так у судзе Ленінскага раёна Мінска лідару “Гавары праўду” патлумачылі тое, што суда, на які яго вызвалі позвай, 25 ліпеня не было.



Уладзімір Някляеў: “Я паспрабаваў удакладніць — чаму разбежка такая ў датах? Мне сказалі, што яны памыліліся з датай. Тэрмін жа ў мяне заканчваўся 22 ліпеня і неабходна было ўсё рабіць у гэты дзень. Але яны, нібыта, у апошні момант гэта заўважылі і не сталі тлуміць мне галаву рознымі юрыдычнымі рэбусамі, непакоіць мяне і вырашылі зрабіць мне прыемнае — правесці суд без мяне. І зараз кажуць: “Вы што, незадаволеныя тым, што вы на волі?!”.



Паводле пастановы, Някляева вызвалілі ад прызначанага судом Фрунзенскага раёна пакарання — двух гадоў зняволення. Цікава, як бы развівалася сітуацыя, калі б закрыта-падпольны суд па справе Някляева прыняў рашэнне прымяніць адтэрмінаваны прысуд? Да палітыка прыехалі б дахаты, каб адвесці ў калонію, ці аб’явілі яго ў вышук?



Дарэчы, знайсці, дзе яго будуць судзіць, у Някляева атрымалася не адразу — у раскладзе судовых пасяджэнняў яго прозвішча пазначана не было.

У выніку суду і не было: Някляева аднаго запрасілі ў кабінет суддзі, адкуль ён секундаў праз 40 узрушана-разгублены выйшаў з пастановай у руках. Чым выклікаў не меншую разгубленасць і шматлікіх журналістаў, дыпламатаў ды актывістаў кампаніі.



Тым не менш выйсці ад суддзі Вольгі Кацур з суда Ленінскага раёна “на свабоду з чыстым сумленнем” у палітыка не атрымалася.



Уладзімір Някляеў: “Мае адвакаты кажуць, што ў выпадку, калі чалавек не адбываў рэальна пакарання на зоне, то ніякай судзімасці за ім не захоўваецца. А тут мне тлумачаць, што — не. Маўляў, вы яшчэ два гады будзеце судзімым і ў вас грамадзянскіх правоў няма!”



Сам палітык лічыць сябе асуджаным незаконна і ўпэўнівае: калі будзе прынятае адпаведнае палітычнае рашэнне, то ён нягледзячы ні на што возьме ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.



З тым, што “проста браць удзел у грамадска-палітычным жыцці” Някляеў зможа, упэўнівае Еўрарадыё і юрыст Тамара Сідарэнка. Вось толькі не факт, што вынікамі, да прыкладу, перамогі на прэзідэнцкіх выбарах палітык зможа скарыстацца.



Тамара Сідарэнка: “Нас Выбарчы кодэкс перанакіроўвае да закона “Аб дзяржаўных служачых”. А там законы вельмі неадназначныя. Калі недзе судзімасць не згадваецца, нават пагашаная, то недзе кажуць пра тое, што тыя, хто раней прыцягваўся да адказнасці, не могуць быць абраныя (у мясцовыя саветы і вышэй. — заўв. Еўрарадыё). І тут узнікае пытанне: якія крытэры будуць прымяняцца? Практыка паказвае, што камісіі не рэгіструюць тых, хто быў судзімы. Магчыма, і Някляева”.



Ці зможа Уладзімір Някляеў удзельнічаць у выбарах, Еўрарадыё цікавіцца ў сакратара Цэнтравыбаркама Мікалая Лазавіка.



Мікалай Лазавік: “Калі судзімасць не знятая, то, адпаведна, ён не можа быць кандыдатам”.



Але браць удзел у выбарчай кампаніі палітык можа, супакойвае Лазавік. Да прыкладу, уваходзіць у выбарчы штаб нейкага кандыдата.



Але пакуль для Някляева найбольш важна тое, што ён не абавязаны быць дома штовечар, не павінен хадзіць адзначацца ў мясцовага ўчастковага і можа выязджаць куды заўгодна. І першае вандроўка будзе на радзіму — у Крэва. Пра іншыя маршруты палітык пакуль не загадвае. Затое вялікія планы на выязнога Някляева ў яго атачэння.



Андрэй Дзмітрыеў: “Зачакаліся яго і актывісты ў рэгіёнах, і простыя людзі. Зараз ён паедзе ў Крэва, але потым будзе шэраг паездак па Беларусі ў межах “Народнага рэферэндуму”. А таксама плануем міжнародныя візіты — у нас ужо ёсць запрашэнні ад лідараў краінаў да Някляева”.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі