Някляеў: Я нікому не дазволю называць маіх сяброў нафталінам

Еўрарадыё: Месяц таму Вы мне казалі, што не маеце намеру ствараць хоць якую новую структуру, што самае важнае для Вас, наладзіць дыялог унутры грамадства, унутры апазіцыі, паспрабаваць усё ж выйсці на адзінага. Прайшоў месяц і што ж так змянілася, калі новы рух Вы стварылі?

Уладзімір Някляеў: Я ж не казаў, што я не буду займацца палітыкай! Наадварот, я казаў, што барацьбы за незалежную дэмакратычную Беларусь я ні ў якім разе не пакіну, бо ёсць наўпроставая пагроза яе незалежнасці і дзяржаўнасці. А паколькі мае спадзевы, што атрымаецца аб’яднацца на ідэі адзінага кандыдата, не спраўдзіліся, я пачаў шукаць іншыя варыянты. І прыйшоў да высновы, што такой аб’яднаўчай ідэяй можа быць толькі наша агульная пазіцыя па пытанні будучыні Беларусі, якая немагчымая без незалежнасці і дзяржаўнасці. У нашай найноўшай гісторыі толькі адна ідэя, агучаная некалі БНФ, стала агульнанацыянальнай — ідэя дзяржаўнасці і незалежнасці. Тады, у 80-ых гадах мінулага стагоддзя быў нацыянальны ўздым, высока лунаў, як бел-чырвона-белы сцяг, беларускі дух. Сёння дух наш прытаптаны, а сцяг прыспушчаны, але чакаць, што ён сам нейкім чароўным чынам уздымецца, я палічыў немэтазгодным і вырашыў прыспешыць працэс. Мне кажуць, што рана, што мы яшчэ не саспелі… А калі будзе не рана?

Еўрарадыё: Тым не менш, такая справа, як стварэнне новага руху, не робіцца за адзін дзень!

Уладзімір Някляеў: Нейкае дзіўнае разуменне таго, што я ствараю гэты рух, нібыта запальваю бенгальскі агонь на свята! Я ўсведамляю, што гэта вельмі доўгая і няпростая справа. Інакш і нельга да яе падыходзіць. Мне ўсе цяпер даводзяць, што калі я гэты рух ужо стварыў, то трэба з ім ісці ў палітычную кампанію, што называецца прэзідэнцкія выбары. Я кажу: “Не! Зусім не дзеля гэтага я гэта ўсё раблю”. І невядома яшчэ, ці ёсць у такім удзеле сэнс? Я маю глыбокі сумнеў, што ёсць сэнс удзельнічаць з гэтым рухам у гэтай па-сутнасці безнадзейнай кампаніі. Калі толькі не ставіць за мэту папулярызацыю гэтага руху. Але я ўзважваю: ці не зробіць гэта руху больш шкоды, ці не скруцяць гэта ўсё так, што тут чыстая палітыка, нейкая тэхналогія, каб зрабіць прэзідэнцкую кампанію, а не тое, што маецца ў задуме? Я вельмі гэтага асцерагаюся.

Еўрарадыё: Значыцца, дакладнага рашэння ісці на выбары, ці не, Вы не прынялі?

Уладзімір Някляеў: Асабіста я мяркую, што лепш не ісці. Калі думаць пра карысць, якую можа прынесці гэты рух у доўгатэрміновай перспектыве. Але гэта не буду вырашаць я асабіста — ёсць ужо дастатковая колькасць людзей, якія могуць разам пра гэта падумаць. Я ж не падыходзіў да стварэння руху такім чынам, каб стварыць толькі ногі, якія пабягуць куды хочаш за маім сцягам! Створаная ініцыятыўная група, аналітычны цэнтр. Мы калі сабраліся разам, то ўбачылі ўсю глыбіню існуючай праблемы і зразумелі: перш, чым думаць пра тое, што рабіць, трэба зразумець, што ўжо сталася? Мы да гэтай пары не маем асэнсавання і падвядзення вынікаў больш ужо як дваццацігадовай гісторыі, хай фармальна, але незалежнай нашай краіны. Толькі зрабіўшы гэтую працу, мы зможам акрэсліць першыя этапы будучага развіцця нашай дзяржавы. І гэтым мы будзем займацца. Гэты рух — гэта не прабежка са сцягам па прэзідэнцкай кампаніі.

Еўрарадыё: А калі Вашы новыя паплечнікі выкажуцца за Ваш удзел у выбарах? Зноў будзе: “Я не хацеў, але ж партыя загадала”?..

Уладзімір Някляеў: Гэта не партыя і ні пры чым тут партыйная дысцыпліна. Але калі ты ўступаеш у адносіны з людзьмі — ты павінен улічваць іх меркаванне. Ёсць людзі ў мяне і з партыйных структур. Не зайшоўшы сабе месца ў Партыі БНФ, руху “За свабоду” ці яшчэ дзе, будуць шукаць сабе месца ў гэтым новым руху. Але мы з імі адразу дамовіліся: калі ў сваіх папярэдніх структурах вы бачылі найперш палітычныя задачы, што партыйная структура не можа не ўдзельнічаць у палітычных акцыях, бо гэта падрывае яе аўтарытэт і паўстае пытанне: “Навошта такая структура існуе?”, то ў дадзеным выпадку гэта ніякая не палітычная структура і змяняюцца мэты і задачы. Здаецца, мяне зразумелі.

Еўрарадыё: У тым жа папярэднім інтэрв’ю Вы казалі: “Любая новая структура не будзе ніякай новай: гэта будзе частка людзей, узятых са старых структур. Не з аскепкаў апазіцыі, а з новых людзей я ствараў бы новую структуру”. Што маеце?

Уладзімір Някляеў: Я гэтага і цяпер не хачу. Але рух адкрыты для ўсіх, і я не магу ставіць нейкія дзверы перад людзьмі з ужо існуючых апазіцыйных структур. Больш за тое, я разлічваю на дапамогу гэтых людзей: не толькі тых, што ўжо ўваходзіць у рух, але і тых, што яшчэ трымае дыстанцыю. Але асноўную стаўку я раблю на новых людзей, і перш за ўсё — на моладзь. Амаль усе нашы апазіцыйныя структуры працуюць па прынцыпе, па якім працуе і ўлада: ёсць кіраўнік, які падмінае пад сябе ўсіх астатніх. А пасля заяўляе: “Я б ужо і пайшоў з той улады, але ж гляньце: адна вытаптаная трава наўкол і нікога больш няма”. Так не павінна быць. Я разумею сваё рэальнае становішча ў тым, што называецца рухам супраціву, усё звязанае і з маім узростам, і з маёй прафесіяй, у якую я хацеў бы вярнуцца, і таму як толькі гэты рух арганізуецца нармальным чынам, створыцца ў ім моладзевае ядро, якое па-іншаму, нават не так, як я, разумее задачы, што стаяць перад беларускім грамадствам, я з вялікай палёгкай сыду.

Еўрарадыё: А яны ў Вас цяпер ёсць — людзі, якія не былі засвечаныя ні ў адной апазіцыйнай структуры?

Уладзімір Някляеў: Ёсць такія. Больш за тое, ёсць людзі з майго мінулага, да апазіцыйнага жыцця, якія ніяк не рэагавалі на мае прапановы ўключыцца ў рух супраціву, то на гэтую маю ідэю яны адгукаюцца. Але найбольш я разлічваю на моладзь: ёсць шмат розных моладзевых арганізацый, шмат з якімі я размаўляў — тыя, хто займаецца рознымі культуралагічнымі праектамі, ёсць моладзь, якая ўвогуле ні да чаго не далучаная. Гэта людзі, якія выраслі ў незалежнай Беларусі, і якія гатовыя ў руху “За незалежнасць і дзяржаўнасць” удзельнічаць.

Еўрарадыё: Стварэнне вамі “Гавары праўду” падтрымалі такія знакавыя асобы, як Генадзь Бураўкін, Зінаіда Бандарэнка ды іншыя. Цяпер прыцягнулі некага такога ж вядомага ў новы рух?

Уладзімір Някляеў: На сход ініцыятыўнай групы я запрасіў знакавых асоб, каб паказаць адно: што я гэта прыдумаў не адзін. Што гэта не нейкі фантом паэта Някляева, а рашэнне, якое падтрымліваецца знанымі людзьмі. А мне зноў пачалі тыкаць, што я сабраў нафталін! Не могуць быць нафталінам такія асобы, як Марачкін ці Баршчэўскі — гэта асобы нашай гісторыі. Я хацеў, каб тыя, хто ўпершыню ўступае ў гэтую ваду, бачылі, што зараз з імі па гэтай вадзе ідуць людзі, якім яны давяраюць і ў беларускасці якіх сумневаў няма. Я нікому не дазволю называць маіх сяброў нафталінам ці яшчэ як, і з гэтым буду яшчэ разбірацца, хто там занафталініўся!

Еўрарадыё: Што рэальна зможа зрабіць Ваш рух для абароны незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі?

Уладзімір Някляеў: Найпершая задача — каб была выяўленая тая нацыянальная сіла, якая здольная захаваць, абараніць Беларусь. І гэтая сіла павінна быць грамадскай, народнай: усе, хто мае спакусу знішчыць нашу дзяржаўнасць і незалежнасць, павінны ведаць, што ёсць сіла, якая здольная ад іх бараніць. Нехта скажа, што гэта будзе рабіць дзяржава, армія, спецслужбы… А я прыгадваю, як армія і спецслужбы Украіны, на пачатку канфлікту, здавалі арміі суседняй дзяржаву сваю тэрыторыю — той жа Крым. І сёння Украіну абараняюць на Данбасе нацыянальнаарыентаваныя сілы. Каб яны не паўсталі на абарону сваёй краіны, то не вядома, што на сённяшні дзень было б. Я ведаю: без уздыму нацыянальнага патрыятычнага беларускага духу мы можам Беларусь прайграць. Гэта ўжо зразумела і ўлада. Яна не можа наўпрост пра гэта сказаць, каб яе не абвінавацілі ў нацыяналізме, але мяккую беларусізацыю яна пачала. І добра, калі на падмурку незалежнасці і дзяржаўнасці нашай краіны грамадскасць і ўлада знойдуць паразуменне.

Еўрарадыё: Калі звяртацца да падзей ва Украіне, то нацыянальнаарыентаваных і патрыятычных людзей трэба не на сходы збіраць, а ў ваенна-спартовыя лагеры…

Уладзімір Някляеў: Сёння я выключаю ўзнікненне “ўкраінскага сцэнарыя” ў Беларусі. Расія са сваім імперскім імпэтам ва Украіне моцна апяклася і паспрабаваць зрабіць тое самае ў Беларусі было б вар’яцкай ідэяй. Тут яны праводзяць сцэнарый агрэсіі паступовай. А ствараць структуры ледзь не ваеннага кшталту з гэтага руху — я на гэта не пайду. Бо гэта адразу відавочны крок да супрацьстаяння ў грамадстве ледзь не да грамадзянскай вайны — я не вар’ят, каб такія крокі рабіць. Але спробам стварэння ў Беларусі “рускага міра” павінен супрацьстаяць наш рух, ствараючы свой “беларускі свет”.

Еўрарадыё: Але ж дабро павінна быць з кулакамі, не?

Уладзімір Някляеў: Сіла вырастае ўнутры чалавека, а не на канцах баксёрскіх пальцаў. Супрацьстаяць агрэсіі з кулакамі трэба праз дух.

Еўрарадыё: Вы казалі пра актуальнасць і неабходнасць стварэння такога руху, а можа, проста грошы на гэтую справу знайшлі?

Уладзімір Някляеў: Пад што заўгодна можна сёння ў свеце знайсці грошы, але толькі не пад нацыянальную ідэю, на уздым нацыянальнага руху ніхто грошай не дасць. У дэмакратычным свеце лічаць, што час такіх нацыянальных уздымаў мінуў — свет мусіць развівацца па іншых прынцыпах. Таму я ад пачатку разумеў, што такі народны рух можа існаваць толькі на народныя грошы.

Еўрарадыё: Па Вашых словах, Вас не прыняў асяродак прафесійных апазіцыянераў пасля стварэння “Гавары праўду”, а цяпер Вас мусяць не любіць яшчэ больш — Вы зноў адцягнулі ад іх структур частку людзей… Паб’юць!

Уладзімір Някляеў: Хай паспрабуюць! Апроч таго, я не бачу прычыны надта ўжо мяне не любіць. Я ніколі нікога з апазіцыі не прыніжаў і не кідаў у іх камяні. Мы на адным баку барыкад. Якія яны прымаюць палітычныя рашэнні і робяць памылкі — іх справа. Але з гэтага не павінна вынікаць, што я іх вораг, што буду змагацца за знішчэнне гэтых людзей ці іх структур.

Еўрарадыё: Вы наракалі на наяўнасць у апазіцыйных структурах, той жа “Гавары праўду”, агентаў спецслужбаў —як у Вас з імі цяпер?

Уладзімір Някляеў: Я буду вельмі старацца не дапусціць іх у наш рух. Асабліва на самым пачатку. Бо калі ад самага пачатку гэты рух пападзе пад кантроль спецслужбаў, то сітуацыя можа стацца нават горшая, чым яна сталася ў апазіцыі. Нельга дыскрэдытаваць гэты рух, а ўжо ўсё скіраванае на дыскрэдытацыю. Мяне ўжо дзяўбуць і з боку апазіцыі, і з боку ўлады, і з боку эміграцыі. Адны: “Нацыяналіст — ён прывядзе вас да сітуацыі як ва Украіне!”, другія: “Някляеў выйшаў з апазіцыі, бо хоча з уладай пасябраваць — і ўлада ж заяўляе, што яна за незалежнасць і дзяржаўнасць”. І вось ужо ў “Народнай волі” з’яўляецца артыкул, дзе мяне ў гэтым абвінавачваюць і робяць выснову: я прыдумаў, як стрэсці грошы пад гэтую ідэю. А я скажу так: абгрошваць гэтую ідэю вельмі небяспечна. Мы ўжо бачылі сітуацыі, калі людзі працавалі за грошы, і да чаго гэта прыводзіла: як толькі грошы заканчваліся, заканчвалася з імі ўсё.

Еўрарадыё: І ўсё ж, Ваш новы рух і бліжэйшыя выбары — як яны будуць суіснаваць?

Уладзімір Някляеў: Рух будзе займацца толькі ідэяй незалежнасці і дзяржаўнасці, а не тымі задачамі, якія ставяць перад сабой на гэтую электаральную кампанію партыі. Хутчэй за ўсё, мы будзем ісці паралельна з гэтай электаральнай кампаніяй. Скарыстоўваючы з яе тое, што нам трэба, і адкідваючы тое, у чым патрэбы не будзе. 

Фота: Змітра Лукашука.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі