Нястача настаўнікаў і стаўка 400 рублёў: якія яшчэ праблемы ў беларускіх школ?

Барысаўская школа №25 / school25.rooborisov.by
Барысаўская школа №25 / school25.rooborisov.by

На сайце барысаўскай школы №25 размешчана аб'ява пра тое, што школа мае патрэбу ў выкладчыках інфарматыкі, матэматыкі, беларускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання. Таксама адміністрацыя запрашае на працу настаўнікаў пачатковых класаў — а іх трэба некалькі чалавек, бо ў школе нядаўна адкрылі шэсць першых класаў.

— Гэта школа, якой толькі два гады, — расказвае Еўрарадыё педагог адной з барысаўскіх школ. — Ніхто не хоча ісці працаваць, таму што новая школа, а гэта значыць пастаянныя праверкі, пастаянныя госці "зверху". А калі вы малады спецыяліст, то, прапрацаваўшы месяц у школе, вы будзеце горка плакаць: заробак проста "слёзы". Прэміі вялікай не будзе, катэгорыі ў вас няма, стажу няма, толькі "гадзіны". За стаўку вы будзеце атрымліваць 350-400 рублёў.

Нехватка учителей и ставка 400 рублей: какие ещё проблемы у белорусских школ?
У барысаўскую школу №18 таксама патрабуюцца настаўнікі. Хто пагодзіцца? / Еўрарадыё

Школа №25 адчыніла свае дзверы для вучняў у 2019 годзе. Па словах дырэктаркі Вольгі Шаляпінай, цяпер усе выкладчыкі ўжо набраныя.

— Мы, вядома, дабіраем [выкладчыкаў. — Еўрарадыё], таму што школа расце з геаметрычнай прагрэсіяй. За два гады ў нас у два разы вырас кантынгент дзяцей, педагогі патрабуюцца заўсёды, — расказвае Еўрарадыё Вольга Шаляпіна. Па яе словах, аб'ява з запрашэннем на працу размяшчаліся яшчэ ўвесну. Атрымліваецца, што ўсё-ткі кадравая нястача была?

— Да нас хочуць ісці, такой праблемы наша ўстанова не адчувае, — адказвае дырэктарка.

Нехватка учителей и ставка 400 рублей: какие ещё проблемы у белорусских школ?
"Патрабуюцца ў школу №25" / Еўрарадыё

Чым незадаволеныя педагогі?

У гутарцы з Еўрарадыё выкладчыца з Барысава наракае на вал папяровай працы. Гэтую праблему ў 2019 годзе згадваў і Аляксандр Лукашэнка, але атрымліваецца, што воз і цяпер там.

— Уявіце, што вам падабаецца працаваць з дзецьмі, вы знайшлі з імі кантакт, усё выдатна, — каментуе сітуацыю педагог. — У вас выдатныя ўрокі, усё атрымліваецца, але вам трэба даць мільён усялякіх справаздач, графікаў, а калі вы класны кіраўнік, то гэта яшчэ бясконцыя паходы па сем'ях, каб бацькі распісаліся ў паперках, і ўсё астатняе. Гэтая непатрэбная праца засталася. Маўляў, "давайце зробім графік", усе яго робяць, а ён потым ляжыць на працоўным стале камп'ютара і ніхто ім не карыстаецца, нікому ён не патрэбны.

Нехватка учителей и ставка 400 рублей: какие ещё проблемы у белорусских школ?
Сучасныя дзеці патрабуюць сучаснага падыходу / Еўрарадыё

З боку бацькоў да выкладчыцкага складу таксама ёсць прэтэнзіі.

— Бацькі скардзяцца, маўляў, мы прывялі дзіця ў школу, а чаму вы не навучылі яго лічыць? Настаўнік пытаецца: а вы дома з ім займаецеся? Тыя адказваюць: а навошта, мы ж яго ў школу прывялі.

Цяпер атрымліваецца так, што бацькі нікому нічога не вінны, — здзіўляецца педагог. — Да таго ж, што б ні здарылася з дзіцем дома, у школе, на вакацыях — заўсёды адказвае за гэта школа. Як пакараць бацькоў? Ніяк, не хочуць караць. А настаўніка можна. Можна пазбавіць яго прэміі, можна даць вымову. Такая ў нас сістэма.

Чыноўнікі адмаўляюць "добраахвотна-прымусовую" падпіску

Па словах жанчыны, класічныя зборы "на рамонт" нікуды не зніклі. Акрамя таго, выкладчыца сцвярджае, што ўпраўленне па адукацыі "добраахвотна-прымусова" просіць настаўнікаў аформіць падпіску на друкаваныя выданні. Пытаемся: няўжо нельга ад яе адмовіцца?

— Можна, ніхто нас за гэта не заб'е, нават "на дыван" могуць не выклікаць, — кажа выкладчыца. — Могуць проста пазбавіць прэміі, надбаўкі. Калі выпісваць усё, што яны патрабуюць, то ў месяц давядзецца аддаць 50 рублёў дакладна. Прыходзіцца ісці на невялікія хітрыкі.

Нехватка учителей и ставка 400 рублей: какие ещё проблемы у белорусских школ?

— Я такога не чула. Мы да такога [да падпіскі. — Еўрарадыё] не прымушаем, гэта дакладна, — адказвае Еўрарадыё Ірына Буднікава, начальніца аддзела ідэалагічнай работы ўпраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама. — А наконт таго, чаму не стае настаўнікаў: хтосьці пераходзіць на іншае месца працы, бліжэй да дому. Хтосьці пераходзіць у школу, дзе вучацца іх дзеці.

Пад крытыку з боку выкладчыка падпала і сістэма школьнай адукацыі.

— З году ў год школьная праграма, якую пастаянна мяняюць, лепшай не становіцца. У нас савецкая сістэма адукацыі. А дзеці не дрэнныя і не добрыя, яны проста ўжо іншыя. Цяпер яны на ўроках усе сядзяць у тэлефонах. Дык чаму б не зрабіць так, каб тэлефон карысць прыносіў?

Акрамя таго, ёсць настаўнікі, якія кіруюцца прынцыпам "Ну мне і так добра". Для таго каб даваць нешта новае і цікавае дзецям, трэба самім развівацца. А многія гэтага не хочуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі