Па факце гібелі вайскоўца ў Печах пачалі крымінальную справу
Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці распачало крымінальную справу па факце гібелі вайскоўца Аляксандра Коржыча на тэрыторыі адной з вучэбных часцей ваеннага гарадка Печы. Па выніках першапачатковых праверак, следства знайшло прыкметы злачынства, прадугледжанага ч.3 ст.443 Крымінальнага кодэкса Беларусі (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі, якое пацягнула цяжкія наступствы).
“У гэтым выпадку крымінальная справа дае паўнамоцтвы для правядзення больш маштабных следчых дзеянняў, — каментуе Еўрарадыё прадстаўніца СК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог. — У іх межах разглядаюцца ўсе версіі здарэння. У тым ліку правяраюцца і супрацьпраўныя дзеянні, і пэўныя нестатутныя адносіны, якія могуць прывесці да канфліктных сітуацый”.
Нагадаем, 3 кастрычніка ў падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часці ў Барысаўскім раёне было знойдзенае цела вайскоўца, які з траўня 2017 года праходзіў там тэрміновую службу. Паводле папярэдніх звестак, прычынай смерці назвалі механічную асфіксію — задушэнне рэменем пры павешанні. Асноўнай версіяй здарэння называўся суіцыд. Але ні сябры, ні сваякі Аляксандра Коржыча не вераць у тое, што ён мог пакончыць з сабой, бо ён не аднойчы скардзіўся на “дзедаўшчыну”.