Сябры загінулага ў Печах вайскоўца: Гэта не суіцыд, яму дакладна дапамаглі

Сябры загінулага ў Печах вайскоўца: Гэта не суіцыд, яму дакладна дапамаглі

У аўторак 3 кастрычніка з’явілася паведамленне, што на тэрыторыі вайсковай часці ў ваенным гарадку Печы быў знойдзены труп ваеннаслужачага. Па папярэдняй версіі следства, 21-гадовы салдат тэрміновай службы скончыў жыццё самагубствам. Еўрарадыё адшукала сяброў загінулага, яны перакананыя, што Аляксандр Коржыч не мог самастойна здзейсніць суіцыд, яму дакладна дапамаглі”.

“Калі яго дома пераапраналі перад пахаваннем, то бачылі вялікія сінякі вышэй пахвіны, у вобласці печані і нырак, на галаве была драпіна, на шыі вельмі-вельмі-вельмі роўная паласа ад удушша, калі чалавек вісіць, у яго проста не можа быць на толькі роўных контураў. Да таго ж, гэты след цалкам па контуры шыі, няма ніякага змяшчэння ад пятлі”, — распавядае дзяўчына, якая сябравала з Аляксандрам, больш за 10 гадоў і лічыла яго ледзь не сваім братам.

Па словах дзяўчыны, Аляксандр сам хацеў адслужыць у войску, каб потым спакойна ўладкоўваць жыццё. Акурат перад сыходам у войска ён зрабіў рамонт у сваёй кватэры.

Хлопца прызвалі вясной 2017 года, прысягу прымаў 10 чэрвеня. З сяброўкай стэлефаноўваліся некалькі разоў і Аляксандр скардзіўся на “дзедаўшчыну”.

“Апошні раз ён мне тэлефанаваў у канцы жніўня, пытаўся пра рамонт на дачы, які мы з мужам рабілі, мы заўсёды адпачывалі там разам, — працягвае ўзгадваць сяброўка. — Яшчэ смяяліся што да яго прыходу чырвоную дарожку пакладзём і наша дачушка будзе яго з кветкамі і танцамі сустракаць. Пры размове ён казаў што “дзедаўшчына” жудасная, здзекуюцца як могуць, усё адбіраюць. Але ён заўсёды быў моцным чалавекам і падчас размовы сам сказаў, маўляў, яшчэ крыху пацярпець, і нас размяркуюць у Слонім. Ні адзінай думкі пра суіцыд не было агучана і нават ноткі чаго падобнага ў яго голасе я не пачула. Сашка быў у жыцці вельмі жыццярадасным чалавекам, ён заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу, быў вельмі набожным і заўсёды, праязджаючы міма сабора, прыпыняўся і хрысціўся. Ён да вар'яцтва любіў бацькоў, каб так паступіць з імі”.

Па інфармацыі барысаўскага выдання ex-press, у ліпені, калі Аляксандр ляжаў у санчастцы з высокай тэмпературай, у яго зніклі тэлефон і банкаўская картка, на якую сваякі высылалі хлопцу каля 50 рублёў на тыдзень. Грошы пры гэтым нехта працягваў здымаць.

“Картку сапраўды адабралі, а тэлефон нібыта ён прадаў з-за патрэбы ў грошах. Проста смешна, — пацвярджае сяброўка. — Тэлефон пры гэтым так і не знойдзены”.

Хлопец быў пахаваны 5 кастрычніка з вайсковымі ўшанаваннямі на могілках у Таргошыцах недалёка ад Пінска. Прысутныя на пахаванні Аляксандра сцвярджаюць, на яго целе былі сінякі і парваная губа. Афіцыйныя структуры пра здарэнне нічога не паведамляюць, апроч “чакайце вынікаў следства”.

31 сакавіка 2017 года ў вайсковай частцы ў Печах скончыў жыццё самагубствам яшчэ адзін салдат тэрміновай службы — Арцём Басцюк. За дзень да суіцыду ён патэлефанаваў бацькам, каб развітацца. Да гэтага хлопец не аднойчы скардзіўся на “дзедаўшчыну”, яго бацькі нават прыязджалі з гэтай нагоды ў частку і прасілі кіраўніцтва разабрацца ў сітуацыі ды дапамагчы хлопцу. Следства па гэтай справе вядзецца дагэтуль.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі