У матэрыялах справы затрыманага бізнесмена Кныровіча згадваецца яго маці
У матэрыялах крымінальнай справы затрыманага беларускага бізнесмена Аляксандра Кныровіча згадваецца яго маці. Як інфармуе сайт sb.by, Галіна Бакун з'яўляецца заснавальнікам ТАА "СТИ-Трейдинг" (Санкт-Пецярбург), праз якое незаконна выводзіліся за мяжу грошы, якія ў Беларусі атрымлівала ў выніку "замоўных" таргоў фірма Кныровіча — ТАА "СарматТэрма-Інжынірынг". У спісе затрыманых маці бізнесмена няма, але ёсць Наталля Казлоўская, гендырэктар яе фірмы (за краты яна трапіла 25 студзеня). Казлоўская таксама была вядучым спецыялістам ТАА "СарматТэрма-Інжынірынг". У інфармацым КДБ маці Кныровіча не згадвалася.
Як паведамляла Еўрарадыё, з 2014-га прадстаўнікі кампаніі "СарматТэрма-Інжынірынг" забяспечвалі правядзенне заказных біржавых таргоў для рэалізацыі тэрмаізаляваных трубаў (за два гады іх паставілі на суму больш за 90 млн рублёў). "Шляхам змовы і подкупу" кіраўнікоў і службовых асоб прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і арганізацый энергетыкі арганізоўваліся ценявыя тэндары. Сумы адкатаў закладваліся ў сабекошт прадукцыі, а завышаная цана ўлічвалася пры фармаванні камунальных тарыфаў. Атрымліваецца, што фактычна прыбытак бізнесменаў і хабар службовых асоб аплачваліся за кошт насельніцтва нашай краіны, адзначаецца ў паведамленні дзяржбяспекі.
Спіс затрыманых можна пабачыць тут.