Па поўдні Беларусі 1 ліпеня тэмпература падымецца да +34
1-2 ліпеня ў многіх раёнах Беларусі чакаецца спёка, таму сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Па прагнозах сіноптыкаў, чакаецца пераменная воблачнасць. Уначы ападкаў не чакаецца. А ўдзень месцамі, пераважна па паўночным захадзе, пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы.
Вецер, па звестках метэаролагаў, будзе няўстойлівы 2-7 метраў за секунду, пры навальніцах будуць парывы да 14 метраў за секунду.
Уначы тэмпература паветра складзе 13-19 градусаў цяпла. Удзень яна падымецца да +27...+32 градусаў. У паўднёвых раёнах чакаецца да 34 градусаў вышэй за нуль.
У сталіцы ўдзень 1 ліпеня чакаецца 27-29 градусаў са знакам "плюс".