Пачынаецца суд над мінскай настаўніцай, ёй пагражае да 10 гадоў зняволення

Дар'я Хмяльніцкая

Дар'я Хмяльніцкая / соцсети Д.Хмельницкой

У Мінскім гарадскім судзе сёння пачынаецца пасяджэнне па справе Дар'і Хмяльніцкай, настаўніцы з 23-й сталічнай гімназіі. Пра гэта піша "Наша Ніва". Дар'і 23 гады, яна сама выпускніца гэтай гімназіі, скончыла філфак БДУ (спецыяльнасць "усходняя філалогія"), вучыла кітайскую мову. Яе дыплом быў прызнаны адным з лепшых дыпломаў факультэта ў 2022-м.

Пасля заканчэння ВНУ Дар'я вярнулася ў сваю гімназію, была класнай кіраўніцай, паступіла ў магістратуру. Вяла блог на беларускай мове пад нікнэймам "Кніжны цмок". Тут яна публікавала свае творы і распавядала пра жыццё. Апошняя публікацыя была зроблена 13 траўня 2023 года.

Калі Дар'ю затрымалі, невядома. Журналісты выдання мяркуюць, што гэта магло адбыцца восенню 2023-га. Вядома, што дзяўчыну абвінавачваюць паводле двух артыкулаў КК: у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзеле ў іх (ч.1 арт. 342) і ў вярбоўцы, навучанні, іншай падрыхтоўцы беларусаў для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах на тэрыторыі замежнай дзяржавы (ч. 2 арт. 361-3). Гэты артыкул таксама прадугледжвае пакаранне за фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці. Выданне адзначае, што такія абвінавачванні часта выстаўляюць тым, хто нейкім чынам дапамагаў Украіне. Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі