Пад Астраўцом згарэў драўляны касцёл XVIII стагоддзя

Пад Астраўцом згарэў драўляны касцёл XVIII стагоддзя

У вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёна ў ноч на 6 чэрвеня згарэў парафіяльны касцёл святога Яўхіма — будынак XVIII стагоддзя, паведамляе сайт catholic.by. Ён быў узведзены ў 1726 годзе. 

Па словах пробашча парафіі ксяндза Анатоля Захарэўскага, мясцовыя жыхары заўважылі пажар у 05.50 ранку. Дарэчы, яшчэ а 4-й гадзіне касцёл быў цэлы: побач з ім праязджаў малакавоз, кіроўца якога не заўважыў ніякіх прыкметаў дыму ці агню.

Тушыць агонь прыехалі восем пажарных машынаў, але яны не здолелі ўратаваць храм. 

На сайце МНС паведамляецца, што ратавальнікам пра пажар паведамілі а 6-й гадзіне раніцы. Ліквідаваць агонь пажарнікі змаглі ў 7.36. Агонь цалкам знішчыў будынак, але пацярпелых няма. Асноўная версія пажару — няспраўнасць электрасетак і электраабсталявання.

Як распавёў святар, за два тыдні да здарэння на адмысловай нарадзе ў Астравецкім райвыканкаме прымалася рашэнне пра ўключэнне касцёла ў Клюшчанах у спіс помнікаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Але касцёл так і трапіў у гэты спіс.

Касцёл у Клюшчанах вядомы тым, што там служыў ксёндз Канстанцін Стэповіч (паэтычны псеўданім — Казімір Сваяк). Якраз у гэтым касцёле ў 1915 годзе ён прамовіў адно з першых сваіх казанняў на беларускай мове, што на той час было ў навінку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі