Пад Астравец, дзе будуецца АЭС, перадыслакуюць зенітны ракетны полк
Пад Астравец у Гродзенскую вобласць, дзе будуецца АЭС, перадыслакуюць гвардзейскі 1146-ы зенітны ракетны полк. Да 1 траўня падраздзяленне, якое цяпер знаходзіцца ў Баранавічах, мусіць ужо знаходзіцца на новым месце, паведаміў міністр абароны Андрэй Раўкоў. Паводле яго слоў, абсталяванне пункта пастаяннай дыслакацыі зенітнага ракетнага палка ўжо заканчваецца.
Згаданы полк быў адроджаны ў Беларусі ў канцы мінулага года. Ён узброены зенітным ракетным комплексам супрацьпаветранай абароны “Тор-М2”, які здольны збіваць балістычныя паветраныя аб’екты і крылатыя ракеты на розных вышынях.
Як вядома, запуск першага энергаблока Астравецкай АЭС запланаваны на снежань 2019 года.