Пад Гродна пашыраюць могілкі, высякаючы векавыя дубы
Пад Гродна пашыраюць могілкі, высякаючы дзеля гэтага дуброву з векавымі дрэвамі, паведамляе TUT.by. Гэтым устурбаваныя жыхары аграгарадка Путрышкі, які знаходзіцца ўсяго за паўкіламетра ад могілак. Лес — гэта “зялёны шчыт”, а калі яго не стане, то могілкі пасунуцца амаль пад жылыя дамы.
Гарадскія могілкі “Аульс” з’явіліся напачатку 1990-х гадоў і займаюць цяпер плошчу на 50 гектараў. Там на сёння каля 30 тысяч магілаў. Меркавалася, што ў горадзе пабудуюць крэматорый і таму пашыраць могілкі не будуць, аднак гэтага не адбылося, а колькасць захаванняў расце. Напачатку 2000-х гадоў была спроба высечкі лесу пад пашырэнне могілак і тады жыхары Путрышак адстаялі дуброву, але цяпер каля лесу зноў з’явілася цяжкая тэхніка.
Мясцовыя жыхары пісалі звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, прыродаахоўныя арганізацыі і гарадское ЖКГ, аднак адказаў не атрымалі. Тым часам ужо знішчана каля 7 гектараў леса. Паводле планаў, павінны высекчы яшчэ 15 гектараў. У Путрышках баяцца, што ў вадзе, якой карыстаецца аграгарадок, можа з’явіцца гэтак званая трупная палачка. Да таго ж лес ахоўвае вёску ад блізкай прамысловай зоны прадпрыемства “Азот”.