Другі за тыдзень: пад Гроднам знайшлі павешаным салдата тэрміновай службы
Яшчэ аднаго вайскоўца знайшлі павешаным. Як паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны, цела маладога чалавека 1991 года нараджэння знайшлі 8 верасня каля 18.00 у лясным масіве пад Гроднам.
Хлопец праслужыў каля 16 месяцаў у адной з частак Гродзенскага гарнізона. 5 верасня ён самавольна пакінуў сваю вайсковую частку і быў у вышуку.
Паводле Мінабароны, прычына смерці “носіць цалкам асабісты характар, пра што сведчыць знойдзеная пры ім перадсмяротная запіска”.
Па факце гібелі вайскоўца вядзецца праверка Следчым камітэтам і камісіяй Міністэрства абароны.
Нагадаем, што 5 верасня знайшлі павешаным салдата тэрміновай службы часткі 33933 Слонімскага гарнізона Аляксандра Арлова. Хлопцу заставалася да заканчэння службы крыху больш за паўгода.