Пад выглядам рэабілітацыі ў РБ украінскім дзецям прасоўваюць "рускі свет"
Украінскія дзеці ў в\ч 3214 ВВ МУС Беларусі / sb.by
Журналісты "Медыязоны" прааналізавалі даклад "Скрадзенае дзяцінства: як беларускі рэжым сцірае ідэнтычнасць украінскіх дзяцей праз перамяшчэнне, перавыхаванне і мілітарызацыю". У ім сабраныя звесткі пра дачыненне Аляксандра Лукашэнкі і іншых людзей з улады да незаконнага перамяшчэння дзяцей з акупаваных абласцей Украіны ў Беларусь. Нагадаем, раней гэтыя матэрыялы ўжо былі перададзеныя ў Міжнародны суд у Гаазе.
Даклад склалі праваабаронцы. Яны высветлілі, што з 2021 года ў Беларусь з акупаваных Расіяй абласцей Украіны былі вывезеныя 2 219 дзяцей. Гэтая праца актывізавалася з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Групы ў некалькі дзясяткаў і нават сотняў чалавек размяшчалі ў лагерах і рэабілітацыйных цэнтрах Беларусі. Дзеці прыязджалі на некалькі тыдняў, а затым вярталіся на акупаваныя тэрыторыі.
Беларуская прапаганда кажа, што дзяцей прывозяць на лячэнне і рэабілітацыю, аднак аўтары дакумента сцвярджаюць, што пад выглядам рэабілітацыі ўкраінскім падлеткам у Беларусі расказваюць пра ідэі "рускага свету", іх перавыхоўваюць і мілітарызуюць. Ім ладзяць сустрэчы з вайскоўцамі, сілавікамі і прапагандыстамі. Заняткі з імі ладзяць на рускай мове, транслююць прапагандысцкія наратывы, расказваюць пра "калабарантаў-украінцаў" падчас Другой сусветнай вайны, пытаюцца, ці лічаць яны сябе расійскімі грамадзянамі.
У 2022 годзе дзяцей з Данецка і Марыупаля вазілі ў вайсковую частку спецназа. На фота з мерапрыемства яны трымаюць у руках зброю, а некаторыя стаяць у футболках з літарай Z. Дзецям ладзяць сустрэчы з праўладнымі артыстамі і актывістамі, якія дазваляюць сабе такія заявы: "І дай Госпад сілы і магчымасці хутчэй вырашыць гэтую сітуацыю. Каб мы жылі ў міры. Каб Байдэн здох, Госпадзе, прабач мне, каб Зяленскі таксама. А Пуцін квітнеў і ўзяў кантроль над усёй Украінай". Гэта ўкраінскім дзецям заявіла адна з сясцёр Груздевых.
Інтэрв'ю, якія траўмуюць
Праваабаронцы таксама адзначаюць, што беларускія дзяржСМІ часта выкарыстоўваюць дзяцей для падрыхтоўкі матэрыялаў, задаюць ім пытанні, якія траўмуюць — пра абстрэлы, траўмы, часам нават даводзяць іх да слёз.
"Настойлівыя роспыты журналістаў патрабуюць дэталёвых успамінаў і аднаўлення падзей, якія траўмуюць", — адзначаюць аўтары дакладу. Пры гэтым дзеці ў эфіры дзяржмедыя выкарыстоўваюць тэрміналогію афіцыйных уладаў Беларусі і Расіі, называючы вайну "СВО", кажуць пра "ўкраінскіх баевікоў" і Марыупаль, які "пачынае адраджацца".
У дакладзе пазначаныя афіцыйныя асобы з расійскага, беларускага і ўкраінскага боку, якія, на думку праваабаронцаў, датычныя да вывазу дзяцей. У першую чаргу гэта Аляксандр Лукашэнка, а таксама Аляксей Талай — беларускі паралімпійскі спартовец, які "адыграў цэнтральную ролю ў праекце перасялення ўкраінскіх дзяцей у Беларусь". Называюцца таксама імёны кіраўніка Магілёўскай вобласці Анатоля Ісачанкі, лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча, кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа і дэпутата Дзмітрыя Шаўцова і іншых.
Аўтары дакладу нагадваюць, што вываз украінскіх дзяцей аплачваецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. У 2022 і 2023 гадах на гэта было выдаткавана ў суме амаль 600 тысяч долараў. Праваабаронцы маюць намер дамагчыся прыцягнення да адказнасці тых, хто мае дачыненне да незаконнага перамяшчэння дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.