Талай, Баскаў, Лукашэнка... Хто яшчэ вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь
Дзеці Данбаса ў Мінску / БелТА
"10 сакавіка ў пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы звярнуўся легендарны паралімпіец Аляксей Талай з просьбай аб садзейнічанні арганізацыі праезду дзяцей, якія пражываюць у цяжкіх умовах на тэрыторыі ДНР і ЛНР на аздараўленне ў РБ", — такі дакумент трапіў у рукі журналістаў Беларускага расследавальніцкага цэнтра. Папера была напісаная праз чатыры дні пасля таго, як па абвінавачванні ў ваенным злачынстве — незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны — быў выдадзены ордар на арышт Уладзіміра Пуціна.
БРЦ высветліў, хто з беларусаў акрамя плыўца-паралімпійца мае дачыненне да гэтай "дзіцячай спецаперацыі".
Пад выглядам дапамогі
Зварот Талая пачулі. Дзеці з акупаваных тэрыторый Украіны пацяклі ў Беларусь. Тут іх чакае насычаная праграма, у якой шмат забавак: паход на каток, у басейн, заапарк, дэльфінарый. А яшчэ — экскурсія ў Акадэмію МУС і Цэнтр бяспекі МНС. Каб дапамагчы дзецям з Горлаўкі не думаць пра тое, што адбываецца дома, для іх правялі майстар-класы па стральбе ў вайсковай часці 3214. Там базуецца спецназ МУС, які жорстка разганяе ворагаў улады падчас масавых вулічных пратэстаў.
У Беларусі для дзяцей праводзяць і канцэрты. Выступаюць на іх праўладныя артысты. Напрыклад,"сёстры Груздзевы". 7 кастрычніка 2022 года, у дзень нараджэння Пуціна, яны скажуць са сцэны беларускага лагера "Дубрава" украінскім дзецям, якія сядзяць у зале: "Каб Байдэн здох, Божа, даруй мне. Зяленскі таксама. А Пуцін каб жыў у шчасці і ўзяў пад сваю ўладу ўсю Украіну".
Падчас спартовых мерапрыемстваў дзеці сустракаюцца з Дзмітрыем Баскавым. Гэты хакейны функцыянер мае дачыненне да выкрадання і гібелі жыхара "Плошчы Перамен" Рамана Бандарэнкі.
Сям'я Лукашэнкі
У арганізацыі мерапрыемстваў для дзяцей, якіх прывезлі ў Беларусь з Украіны, удзельнічаюць і члены сям'і Лукашэнкі. Адзін з іх — Уладзімір Кулакоў, актывіст праўладнага аб'яднання "Патрыёты Беларусі" і саўладальнік фірмы ТАА "Хуткія аўтамабільныя мыйкі". Ён муж Таццяны Кулаковай, роднай сястры жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі.
Уладзіміра можна пабачыць на фотаздымках з Аляксеем Талаем, зробленых пасля канцэрта ў санаторыі "Зялёны бор", які арганізавалі для дзяцей з Горлаўкі. Таксама ён ёсць на здымку з хакейнага матча, на які вадзілі ўкраінскіх дзяцей.
У тым, што адбываецца ў Беларусі з украінскімі дзецьмі, верагодна замяшаны і партнёр Кулакова па бізнесе, старшыня "Патрыётаў Беларусі" і арганізатар аўтапрабегаў у падтрымку Лукашэнкі Мікалай Зарубіцкі. А ў адным з пастоў фонду Талая гаворыцца, што прыезд дзяцей у Беларусь арганізаваны з дапамогай Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і асабіста яго старшыні. Гэта крэсла займае Дзмітрый Лукашэнка.
Крымінальны фонд
Акрамя Кулакова і Талая, на фота з "Зялёнага Бору" ёсць яшчэ некалькі чалавек. Муж і жонка Дзмітрый і Юлія Казаковы маюць дачыненне да фонду Талая. Дзмітрый займае пасаду члена апякунскага савета, Юлія — каардынатар сацыяльных праектаў.
Юлія скончыла Акадэмію МУС, але не працавала ў праваахоўных органах. Казакова дапамагае сілавікам іншым чынам: восенню 2020 года яна двойчы даносіла на людзей з БЧБ-сімволікай і адзін раз паведаміла аб дарожным знаку ў пратэстных колерах.
Дзякуючы "Кіберпартызанам" следчыя БРЦ высветлілі, што яе муж Дзмітрый быў асуджаны за крадзеж у пачатку 90-х, а ў пачатку нулявых — за сукупнасць злачынстваў — трапіў за краты на пяць гадоў і адзін месяц з канфіскацыяй. Пакаранне адбываў у Шклове.
На фатаграфіі з "Зялёнага Бору" адлюстраваны таксама член Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, супрацоўнік дабрачыннага фонду Аляксея Талая Яўген Назарэвіч. У яго, як і ў Дзмітрыя Казакова, ёсць крымінальнае мінулае. У 2002 годзе яго пакаралі двума гадамі папраўчых работ за тое, што ён пабіў жанчыну на базе адпачынку Купалінка ў вёсцы Грандзічы.
У гэтай жа кампаніі — пісьменнік Мікалай Гаўрылаў. Ён дапамагае фонду Талая адпраўляць прадметы гігіены, прадукты, адзенне і лекі ў "ДНР" і "ЛНР". Да супрацоўніцтва з фондам мужчына два гады правёў у калоніі ў Віцебскай вобласці. Да канца не ясна, ці ён адбываў пакаранне, ці працаваў там. Аднак у 2007 годзе Гаўрылава — цяпер ужо дакладна — прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за тое, што ён з ужываннем гвалту, небяспечнага для жыцця, скраў у рэстаране грошы.
Хто плаціць за “эвакуацыю”
Вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь аплачваецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы, гэта значыць з дзяржбюджэту Расіі і Беларусі. Толькі ў верасні 2022 года з саюзнага бюджэту на "аказанне гуманітарнай дапамогі" на акупаваных тэрыторыях выдзелілі 29 млн расійскіх рублёў (каля паўмільёна долараў). Гэтыя грошы выдзяляліся ў тым ліку на аздараўленне ўкраінскіх дзяцей у Беларусі.
Таксама Фонд Талая просіць аб фінансавай дапамозе мясцовыя ўлады — беларускія выканкамы.
Акрамя грошай з бюджэту Саюзнай дзяржавы арганізацыя атрымлівае падтрымку ад расійскіх чыноўнікаў і нават прыватнага спонсара — расійскага бізнесоўца Мікалая Гінца. Мужчына перадаў фонду сядзібу Раманавых пад Барысавам. На яе базе Талай плануе стварыць новы рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей.
Акупацыйныя ўлады пачалі масава вывозіць з захопленых тэрыторый дзяцей неўзабаве пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года. Па дадзеных праекта "Дзеці вайны", на цяперашні момант у Расію дэпартавалі амаль дваццаць тысяч украінскіх дзяцей.
Крэмль называе тое, што адбываецца эвакуацыяй і выратаваннем. Еўрапарламент ужо ацэньвае незаконны вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны як злачынства супраць чалавечнасці і генацыд украінскага народа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.